Дзе старому матрацу месца? На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанаваў ляхавічанін

На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанаваў ляхавічанін Сяргей. Тэма звароту сапраўды актуальная. Гараджанін пацікавіўся, куды можна дзець старыя ванну, унітаз і матрац. Пакуль выставіў іх на лесвічную пляцоўку, але ж, зразумела, што доўга яны там знаходзіцца не могуць.

За каментарыямі раёнка звярнулася ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
– Кожны, хто жадае ўтылізаваць буйнагабарытныя рэчы, можа самастойна прывезці іх на палігон цвёрдых бытавых адходаў, на месцы заплаціць, кошт размяшчэння аднаго кубічнага метра смецця – 1,62 рубля.
Пры адсутнасці неабходнага транспарту можна падаць папярэднюю заяўку на вываз у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Праўда, у такім выпадку давядзецца пачакаць пэўны час і, адпаведна, сума, якую трэба заплаціць, будзе ў разы большай, –  патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Наталля Маслоўская.