Новае пакаленне выбірае ID. Юная ляхавічанка – адна з тых, хто атрымаў ID-картку

Дзесяцігадовая ляхавічанка Анастасія Шахмуць з гонарам трымае ў руках свой першы дакумент даросласці – пашпарт. І гэта не звыклы папяровы варыянт, а яго сучасны аналаг – ідэнтыфікацыйная картка грамадзяніна Беларусі.

Юная ляхавічанка Насця Шахмуць – адна з тых, хто атрымаў ID-картку. На здымку –
з в. а. начальніка АГіМ Юрыем Дзямідам  і пашпартысткай Таццянай Цуба.

Дзяўчынка з інтарэсам разглядвае ID-картку, знешне падобную на вадзі-цельскае пасведчанне ці білет БРСМ, плацежную банкаўскую картку. За дакументам у аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС яна прыйшла разам з маці Наталляй.
– Заканчваўся тэрмін дзеяння майго пашпарта. Ведаю, што з 1 верасня з’явілася магчымасць атрымліваць біяметрычныя дакументы, якія маюць свае перавагі. Вырашыла імі скарыстацца. А заадно і зрабіць падарунак дачцэ, якая даўно жадала мець пашпарт. Папяровы варыянт не разглядалі – жывём у час інфармацыйных тэхналогій. Ды і дакументы новага пакалення больш інфарматыўныя і менш даступныя да рознага кшталту пашкоджанняў, – разважае Наталля Шахмуць.


З каляровага фота ID-карткі Анастасія пазірае з сур’ёзным выглядам – падзею гэту вельмі чакала. Фотаздымак, трэба сказаць, высокай якасці – не размыты і выразны. Зручнасць у тым, што ўсе працэдуры па афармленні адбываюцца ў АГіМ. Калі, напрыклад, кадр не ўдаўся, спецыяліст аддзялення прапануе перафатаграфавацца – дакумент робіцца надоўга: асобам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, – тэрмінам на дзесяцігоддзе, непаўналетнім (картка афармляецца па жаданні бацькоў) – на пяць гадоў. Дарэчы, дзеці да 14 гадоў атрымліваюць ID-картку бясплатна.
На пластыку ўказаны прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, грамадзянства, пол, ідэнтыфікацыйны нумар, нумар карткі і тэрмін яе дзеяння, подпіс. На адваротным боку – QR-код, чорна-белае фота і дата выдачы карткі. Што ў картцы?
– Чып, на якім запісана спецыяльнае праграмнае забеспячэнне і персанальныя даныя ўладальніка ID-карткі. Яна засведчвае асобу грамадзяніна ўнутры краіны і ў лічбавай прасторы, дапамагае карыстацца пэўнымі паслугамі на Нацыянальным партале электронных паслуг. Прадугледжваецца, што ў перспектыве ідэнтыфікацый-ная картка будзе служыць інструментам аплаты за паслугі і падаткі, – падкрэслівае пашпартыст Таццяна Цуба.
На сёння ў АГіМ аформлена 102 біяметрычныя дакументы, у тым ліку 42 ідэнтыфікацыйныя карткі, 27 біяметрычных пашпартоў і 33 пасведчанні на права жыхарства. Прычым уладальнікі новых варыянтаў дакументаў у раёне ў 60 працэнтах выпадкаў – вяскоўцы.
Па інфармацыі АГіМ, жадаюць мець біяметрычныя дакументы нашы землякі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. Сярод іх працаўнікі сельс-кай гаспадаркі, ваеннаслужачыя, настаўнікі, індывідуальныя прадпрымальнікі і г. д. Пасля заключэння шлюбу прадстаўніцы прыгожай паловы пры змене прозвішча ў камплекце афармляюць не толькі  ID-картку, але і біяметрычны пашпарт – дакумент для выезду за мяжу (займець яго можна толькі пры наяўнасці ID-карткі).
– Адметнасць дакументаў новага пакалення ў тым, што біяметрычны пашпарт можна заказваць адразу ў двух экзэмплярах. Гэта зручна для тых, хто часта ездзіць за мяжу. Раней, напрыклад, даводзілася падаваць пашпарт і чакаць, пакуль будзе гатова віза, а зараз можна адкрываць візы па чарзе – адзін пашпарт падаваць на адкрыццё візы, а з іншым, у якім маецца дзеючая, перасякаць мяжу, – тлумачыць новаўвядзенні выконваючы абавязкі начальніка АГіМ Юрый Дзямід.
Важна ведаць, што пры планавым звароце за новым пашпартам грамадзяне Беларусі маюць права выбару: аформіць традыцыйны папяровы варыянт або біяметрычны дакумент –  абавязковай замены на дакументы новага ўзору пакуль не прадугледжана. Да заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта старога ўзору ён працуе як унутры краіны, так і пры выездзе за мяжу, удакладняюць у АГіМ.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.