Далонька ўзростам у дзесяцігоддзе. У Ляхавічах пачатак рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» дала акцыя «Жаданне ў далоньцы»

Рознакаляровыя адбіткі дзіцячых далонек  і ёлка за дзесяцігоддзе сталі сімваламі раённай дабрачыннай акцыі «Жаданне ў далоньцы». Сёлета ў Ляхавічах менавіта яна дала пачатак рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Магазін «Родны кут» па вуліцы Леніна, 28 у мінулы аўторак хутчэй нагадваў ранішнік, куды завіталі Дзед Мароз са Снягуркай і госці. Сустракалі ўсіх валанцёры атрада «Данка» з СШ № 2. Тых, хто пажадаў прыняць удзел у марафоне дабрыні, аказалася нямала.

Многія нераўнадушныя ляхавічане не першы раз выступаюць у ролі добрага чараўніка і віншуюць з надыходзячым Новым годам выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Менавіта ЦКРНіР штогод становіцца ініцыятарам акцыі «Жаданне ў далоньцы», мэта якой – падарыць веру ў цуд і дабрыню людзей хлопчыкам і дзяўчынкам, якія тут навучаюцца.
У цэнтры займаюцца рабяты з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, і для іх вельмі важныя ўвага, клопат і разуменне.
Сёлета ёлка жаданняў упрыгожана 23 адбіткамі далонек – па колькасці навучэнцаў ЦКРНіР. Любы жадаючы, прадпрыемствы і арганізацыі могуць зрабіць падарунак гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам, а пералічаныя сродкі пойдуць на стварэнне безбар’ернага асяроддзя для іх паўнацэннай жыццядзейнасці.


Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч узгадала, як дзесяць гадоў назад у магазіне «Аліса» пачыналася дабрачынная ініцыятыва.
І тады, і зараз галоўная мэта «Жадання ў далоньцы», якая ўжо стала сімвалам цяпла, дабрыні і любві, – падарыць шчаслівыя імгненні і навагодні настрой дзеткам з абмежаванымі магчымасцямі, падкрэсліла Святлана Юрлевіч. Ад сябе асабіста яна ўручыла падарункі навучэнцы СШ № 1 Крысціне Ракашэвіч, якая праходзіць рэабілітацыйныя мерапрыемствы ў цэнтры, а на свяце для ўсіх прыгожа выканала песню.


Дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская шчыра падзякавала тым, хто прыйшоў падарыць часцінку цяпла асаблівым дзецям.
Тым, хто жадае зрабіць добрую справу, варта зайсці ў магазін «Родны кут» па вуліцы Леніна, 28, дзе часова прапісалася дабрачыннае навагодняе дрэўца. Па гэтым жа адрасе працуе і акцыя «Кошык дабрыні»: у скрыню можна пакласці падарунак для дзяцей-інвалідаў, рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Акцыя «Нашы дзеці» крочыць і па Ляхавіччыне. 17 снежня яна зрабіла прыпынак у ГДК, дзе адбыўся дабрачынны канцэрт «Ад сэрца да сэрца».
У праграме навагодняга марафону – праца перасоўнай раённай выставы творчых работ «асаблівых» рабят «Дружаць дзеці на планеце», ранішнік для выхаванцаў ЦКРНіР і многае іншае.
Завітаюць казачныя героі з навагоднімі віншаваннямі і падарункамі ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Школьнікі раёна абавязкова паводзяць карагод вакол абласной ёлкі. А Наталля Сокал і
Арына Баргамон з СШ № 2 і Яна Троцкая з Конькаўскага ВПК за выдатную вучобу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школ і раёна, перамогі ў разнастайных конкурсах запрошаны на дабрачыннае навагодняе свята ў Мінск.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галіна АСТРОЎСКАЯ, ляхавічанка:
– Лічу за гонар прыняць удзел у дабрачыннай акцыі «Жаданне ў далоньцы». Дарыць радасць дзеткам вельмі прыемна, а напярэдадні Новага года – удвая.

Людміла РАМАНЕНКА, ветэран педагагічнай працы:
– Вельмі люблю дзяцей і ведаю, як яны расцвітаюць ад добрага слова, разумення і клопату. Асаблівым дзеткам гэтых пачуццяў і эмоцый патрабуецца значна больш. Добра, што маецца такая магчымасць падзяліцца навагоднім настроем з выхаванцамі цэнтра. Таму ўдзел у акцыі прымаю штогод.

Наталля ЛОЙКА,  гаспадыня кафэ «Калі ласка»:
– З цэнтрам сябрую даўно і вельмі рада, калі магу спраўдзіць жаданне хлопчыка ці дзяўчынкі. Вы бачылі, як змяняецца погляд шчаслівага дзіцяці? Дзеля гэтых момантаў варта жыць і дарыць падарункі.

Сяргей ПІШЧ, работнік ЦКРНіР:
– Старт акцыі «Жаданне ў далоньцы» для нашых падапечных – свята. Яны шчыра вераць у цуд і радуюцца навагоднім імгненням. Хочацца, каб свята для рабят прадаўжалася як мага даўжэй.