На зарадку станавіся! Калектыў Ляхавіцкага ТЦСАН далучыўся да акцыі «Зарадка для ўсіх!»

Як павысіць працаздольнасць і палепшыць настрой, ведаюць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут узялі за правіла рабіць вытворчую размінку.

– Фізічная актыўнасць зараджае бадзёрасцю і пазітывам. Здаровая паўза не затрымлівае работу, а наадварот – садзейнічае яе паспяховаму выкананню. Спецыялісты ТЦСАН на працягу працоўнага дня сустракаюцца з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Кагосьці кансультуюць, працуюць у складзе раённых назіральных камісій, аказваюць сацыяльна-бытавую і іншую дапамогу. Таму павінны знаходзіцца ў здаровай фізічнай форме, – адзначае псіхолаг цэнтра Кацярына Жукоўская.
Калектыў ТЦСАН далучыўся да акцыі «Зарадка для ўсіх!», якая праводзілася на Брэстчыне з 1 па 10 снежня ў межах дзяржаўнага прафілактычнага праекта «Здаровы горад (пасёлак)». Яе мэта – фарміраванне матывацыі насельніцтва да здаровага ладу жыцця, стымуляванне працаўнікоў да ўдзелу ў фізкультурна-масавых мерапрыемствах і г. д.
Па словах інструктара-валеолага райЦГіЭ Наталлі Юруць, жыхары Ляхавіччыны актыўна адклікнуліся на акцыю з элементамі конкурсу і дасылаюць у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адпаведныя фотапацвярджэнні. Сярод такіх – калектывы райбальніцы, малочнага і кансервавага заводаў, ільнозавода, камунгаса, ЦБП Беларусбанка, ДРБУ-200, «Ібіры», «Ажуруны», СДЮШАР, аддзела па адукацыі райвыканкама, школ. Наталля Юруць падкрэсліла, што фотакадры «Зарадкі для ўсіх!» прымуць удзел у абласным конкурсе, падчас якога і будуць падведзены вынікі акцыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.