Сямейны прыярытэт. Ляхавічане абмяркоўваюць праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Уважліва азнаёмілася з праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Абноўлены Асноўны Закон – гэта наш заўтрашні дзень, наша будучыня. Лічу, што кожны павінен усвядоміць важнасць прыняцця сённяшніх змяненняў і не застацца ў баку абмеркаванняў, задаць сабе пытанне: якой вы бачыце нашу краіну, у якой хочаце жыць, гадаваць дзяцей?
Для мяне як педагога важна захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, фарміраваанне нацыянальнай ідэнтычнасці, падтрымка сям’і і клопат пра дзяцей і моладзь, людзей сталага ўзросту і інвалідаў. І гэтым напрамкам у праекце нададзена вялікая ўвага.
Асноўны Закон прапануецца дапоўніць абзацам, які датычыць садзеяння дзяржавы духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварэння неабходных умоў для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства. Такая ўвага, лічу, накладвае на маладое пакаленне асаблівую адказнасць.
З калегамі на этапе падрыхтоўкі праекта ўносілі прапанову, каб у артыкуле 32 Канстытуцыі было акрэслена, што сямейнае выхаванне – прыярытэтнае. Вельмі прыемна, што наша прапанова знайшла адлюстраванне ў дапаўненнях. У прыватнасці, унесена, што бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, акрамя іншых правоў і абавязкаў, павінны рыхтаваць дзяцей да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыяльных традыцый нашай краіны. І гэта правільна!Так заведзена ў большасці сем’яў. І павінна быць замацавана дакументальна. Калі дзіця занята карыснай справай, яно не будзе бавіць час у дрэннай кампаніі і не трапіць у супрацьпраўную “гісторыю”. Толькі сумеснымі намаганнямі ў звязцы “школа-сям’я” можна выхаваць сапраўднага патрыёта сваёй Айчыны, які ведае і шануе традыцыі, стаіць на абароне нацыянальных інтарэсаў. Ва ўстановах адукацыі ў гэтым напрамку маецца багаты вопыт і важкія напрацоўкі, укараняюцца і новыя формы. Напрыклад, добра зарэкамендавала сябе школа актыўнага грамадзяніна, дыскусійныя пляцоўкі і сустрэчы з вядомымі людзьмі раёна. З верасня ў кожнай школе ўведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гэта таксама мае свае відавочныя плюсы.
Вельмі важна, што па Канстытуцыі, наша дзяржава працягвае заставацца сацыяльна арыентаванай, не пакідае сам насам сем’і з дзецьмі, дзяцей-сірот, і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. І гэта неабходна цаніць.
Наталля КУЛАК, дырэктар СШ №1