Пачатак года стаў такім…«ЛВ» пацікавіўся, як прайшлі навагоднія святы ў тых, хто забяспечваў спакой і бяспеку

Для пераважнай большасці ляхавічан канец мінулага тыдня прайшоў у прыемных клопатах – рыхтаваліся і сустракалі Новы год.
«ЛВ» пацікавіўся, як прайшлі дні ў тых, хто забяспечваў спакой і бяспеку і гарантаваў розныя зручнасці падчас навагодніх святаў.

Як запэўнілі ў раёне электрасетак, газавай і камунальнай службах, для іх апошні дзень 2021-га і пачатак 2022 года былі спакойнымі, ні надзвычайных здарэнняў, ні аварыйных выклікаў не зарэгістравана. У раёне электрасетак паведамілі пра нядоўгатэрміновыя выпадкі адключэння электрычнасці  31 снежня ў райцэнтры па прычыне павышанай вільготнасці, што «паспрыяла пашкоджванню электраабсталявання». Акрамя таго, планавыя адключэнні ў апошні дзень года былі ў некаторых сельскіх населеных пунктах раёна.
Толькі адзін сігнал паступіў на пульт адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы 101. Праўда, фінал здарэння трагічны. У 10.28 у РАНС паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Свяціцы: гарэла адна з кватэр чатырохкватэрнага дома. У агні загінуў гаспадар. Прычыны пажару высвятляюцца.
Прыблізна па 30 выклікаў з просьбай аб медыцынскай дапамозе паступала за суткі па нумары 103 у аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ. Часцей за ўсё медыцынская дапамога патрабавалася людзям з хранічнымі хваробамі, пасля застолляў традыцыйна пачасціліся выпадкі захворванняў страўнікава-кішачнага тракта. Хуткую выклікалі тым, хто падхапіў прастуду, вірусную інфекцыю. Некаторых з цяжкім цячэннем каранавірусных пнеўманій давялося адпраўляць для далейшага лячэння ва ўстановы аховы здароўя Баранавічаў, куды цяпер шпіталізуюць і жыхароў Ляхавіччыны з ускладненнямі кавіда. Не абышлося і без траўмаў.
Параўнальна ціха было ў прыёмным пакоі райбальніцы. За 31 снежня,  1 і 2 студзеня за дапамогай звярнуліся каля 20 чалавек, прыблізна трэцяя частка была шпіталізавана.
Службу ва ўзмоцненым рэжыме ў святочныя дні неслі супрацоўнікі РАУС, у тым ліку АДАІ. За гэтыя дні у райаддзел дастаўлены чатыры парушальнікі грамадскага парадку, якія знаходзіліся ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.
Напярэдадні новага года і ў першыя яго дні на глебе сямейна-бытавых адносін у РАУС паступіла больш за дзесяць выклікаў. Не дапушчана фактаў траўмавання пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, без правапарушэнняў абышлося і падчас масавых навагодніх гулянняў. На дарогах раёна без аварый і здарэнняў. А вось у першы дзень 2022 года аднаго чалавека затрымалі за рулём у стане алкагольнага ап’янення.
Галіна КАНЬКО.