Асоба выхоўваецца працай. Жыхары Ляхавіччыны абмяркоўваюць праект Канстытуцыі

Са змяненнямі ў Канстытуцыю і меркаваннямі на гэты конт падрабязна знаёмлюся ў газеце «Ляхавіцкі веснік», гляджу адпаведныя тэлеперадачы. У лёсавызначальны час жывём. Таму,  лічу, справа гэта ў прамым сэнсе народная, ніхто не павінен застацца ў баку ад абмеркавання праекта Асноўнага Закона.
Па статусе я пенсіянерка, але працуючая. Жыву ў Каранеўшчыне і працую сацыяльным работнікам. У маёй зоне адказнасці два чалавекі, з якімі мы не чужыя – за час сталі роднымі. Менавіта сацыяльны бок праекта дакумента мяне найбольш зацікавіў.
З уласнага вопыту добра ведаю, як важна для чалавека сяброўская дапамога і нераўнадушнасць чужых людзей, калі родныя жывуць далёка. Вельмі добра, што дзяржава і далей будзе падтрымліваць розныя катэгорыі насельніцтва.
Як стараста вёсак Каранеўшчыны, Краглі і Бажкі, не раз сутыкалася з тым, як дзякуючы дзяржаўнаму клопату вяскоўцы вырашалі складаныя жыццёвыя сітуацыі. І такія факты не адзінкавыя. Ды што гаварыць, кожны пенсіянер штомесяц у тэрмін атрымлівае пенсію. У нашай вёсцы пабудавана станцыя абязжалезвання, маецца кацельня, якая падае цяпло ў мясцовыя дамы. Мне, як старасце, людзі адрасуюць пытанні, з якімі я звяртаюся да дарожнікаў, у камунгас і г. д. Бывае, не адразу, але ўсё ж пытанні вырашаюцца.
Важным лічу дапаўненне, што бацькі павінны рыхтаваць дзяцей да грамадска-карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый нашай краіны. Дзейсным сродкам выхавання яшчэ ў нашых бацькоў была праца. З маленства нас прывучалі дапамагаць родным. Дзеці ўмелі і касіць, і палоць грады, збіраць ураджай. А зараз усё больш сядзяць у тэлефонах і адзін з адным перапісваюцца ў сацыяльных сетках. Успамінаю, як мой сын вучыўся ў старэйшых класах. Да экзамена, які пачынаўся ў
10 гадзін раніцы, трэба было пакасіць траву на тэрыторыі школы. І рабілі падлеткі гэта з  задавальненнем! Праца выхоўвае грамадзяніна і патрыёта.
Майго дзеда расстралялі фашысты ў Калдычэўскім лагеры смерці. У сям’і свята захоўваюць памяць пра роднага чалавека. Так і павінна быць! Але вырасла пакаленне маладых людзей, якія не заўсёды ўяўляюць наступствы Вялікай Айчыннай вайны і ролю дзядоў і прадзедаў у ёй. Трэба як мага больш расказваць пра гераізм абаронцаў Айчыны. Каб ведалі!
Гэта вельмі па-беларуску, па-нашаму захоўваць памяць і перадаваць традыцыі нашчадкам. Наспела неабходнасць прапісаць праяўленне патрыятызму і захавання гістарычнай памяці аб гераічным
мінулым беларускага народа ў Асноўным Законе дзяржавы. Каб разумелі і дзеці, і дарослыя,
што Радзіму трэба паважаць, берагчы, любіць і абараняць.

Валянціна ГАЛОТА,  стараста вёскі Каранеўшчыны.