Пуцёўка на працоўнае месца. Сёлета 106 выпускнікоў Ляхавіцкага агракаледжа прыйдуць на першыя працоўныя месцы

У снежні ў Ляхавіцкім аграрным каледжы прайшло пасяджэнне камісіі па размеркаванні выпускнікоў 2022 года. Хутка яны, 106 юнакоў  і дзяўчат, пачнуць свой прафесійны шлях у сельгаспрадпрыемствах краіны.
На Брэстчыне застанецца 28 маладых спецыялістаў з дыпломам ветэрынарных фельчараў, 24 спецыялісты-заатэхнікі,  21 аграном і плодаагароднік.
Размеркаванне для выпускнікоў паскладаней любога экзамена – на кану заўтрашні дзень.  І якім ён будзе, у многім залежыць ад першага працоўнага месца.

Сёлета, па словах дырэктара каледжа Ірыны Прыступа-Юнік, колькасць заявак на аднаго ветфельчара набліжалася да пяці, на заатэхніка – да чатырох, да дзвюх заявак – попыт на аднаго агранома.
14 выпускнікоў каледжа застаюцца ў раёне. І гэта не толькі ляхавічане, ёсць і жыхары Баранавічаў. Яны размеркаваны ў  ААТ «Жарабковічы», «Нача», «Шлях новы» і КСУП «Ліпнянка», СВК «Ляхавіцкі» і іншыя гаспадаркі.
Выкладчык эканамічных дысцыплін Таццяна Галіцкая не першы год у складзе камісіі па размеркаванні і адзначае, што выпускнікі да выбару месца працы падыходзяць асэнсавана і вельмі адказна: яны цікавяцца ўмовамі працы і памерам заработнай платы, эканамічным станам сельгаспрадпрыемства.
Карэспандэнт «ЛВ» задаў пытанне без пяці мінут маладым спецыялістам пра іх настрой на работу.
Іван Ёрш з Баранавічаў, вучыцца на аддзяленні ветэрынарнай медыцыны. Адзначае, што на работу настроены па-баявому, ідзе працаваць на сельгаспрадпрыемства «Белазем’е» з жаданнем.
– Цяжкасці не палохаюць – наадварот. Праблемы, лічу, садзейнічаюць развіццю, – разважае выпускнік.
На практыцы, якую праходзіў на тамашняй МТФ, давяралі розную важную работу. Зарэкамендаваў сябе спецыялістам добрасумленным, і кіраўніцтва прадпрыемства пажадала бачыць яго ў сваім калектыве, накіравала індывідуальны запыт у каледж. Дарэчы, сярэдні бал у Івана – 8.16. І гэта адзнака дастойная.
Ляхавічанін Мікіта Бурымскі вытворчую практыку праходзіў на малочнатаварнай ферме «Чашчы» ААТ «Жарабковічы». Староннім назіральнікам не быў – спрабаваў усё патроху рабіць, вучыўся ў вопытных спецыялістаў, у тым ліку правільнаму афармленню дакументаў. Не ведае, на які ўчастак яго паставяць, калі прыйдзе ў «Жарабковічы» з дыпломам, але працаваць жадае хоць сёння. Пакуль наперадзе ў выпускніка яшчэ пераддыпломная практыка і дзяржаўныя экзамены. Перад паступленнем у каледж Мікіта вагаўся паміж агранаміяй і заатэхніяй. Апошняя перамагла. І пра свой выбар за час навучання не пашкадаваў: любіць жывёлу і лічыць, што яго спецыяльнасць заатэхніка вельмі запатрабаваная.
Дзмітрый Шанец таксама застаецца ў раёне – размеркаваны ў СВК «Ляхавіцкі», дзе на Русінавіцкай малочнатаварнай ферме праходзіў вытворчую практыку і імкнуўся як мага глыбей пазнаць нюансы заатэхніі. Адзначае, што яму пашанцавала працаваць сярод спецыялістаў нераўнадушных, якія сваю справу ведаюць дасканала. Яны і падказваюць, накіроўваюць і дапамагаюць. Тэарэтычная і практычная база, атрыманая ў каледжы, – удалы старт у прафесію, якую выбраў асэнсавана: любіць жывёл і цікавіцца ўсім, што звязана з іх доглядам і развядзеннем. Дзіма падкрэслівае, што разумее тую адказнасць, якая на яго накладаецца падчас працы, але да яе гатовы.
У сакавіку маладыя спецыялісты прыступяць да выканання сваіх працоўных абавязкаў.
У ААТ «Жарабковічы» адправіцца самы шматколькасны камплект – тры заатэхнікі і ветфельчар. Чым прыцягвае гаспадарка дыпламаваных працаўнікоў?
– Маладыя ідуць працаваць у наша сельгаспрадпрыемства з ахвотай. Ствараем умовы для бяспечнай і здаровай працы, забяспечваем дастойнай зарплатай. Маладыя спецыялісты маюць даплату ў памеры дзвюх ставак тарыфнага разраду – на сёння гэта 99 рублёў. Калі працаўнік жадае жыць на тэрыторыі гаспадаркі, ААТ прадастаўляе яму жыллё. А так штодзённа аўтобус раніцай дастаўляе работнікаў з Ляхавіч, а пасля вяртае назад. Усе астатнія бонусы залежаць ад стараннасці, жадання працаваць, удасканальваць уменні і веды. Праз тры гады пры ўмове далейшай працы спецыяліст атрымлівае аднаразова выплату ў памеры шасці акладаў. Канешне, за кожным маладым спецыялістам замацоўваем настаўніка, які падстрахоўвае і дапамагае адаптавацца на першым працоўным месцы. Калектыў у «Жарабковічах» вялікі, мае цудоўныя працоўныя традыцыі і назапашаны вопыт – ёсць чым падзяліцца з навічкамі, – падкрэслівае намеснік дырэктара  ААТ Алена Навалочка.
У сваю чаргу, аграрны каледж нават пасля выпуску сваіх навучэнцаў не парывае з імі сувязі. Выпускнікі могуць патэлефанаваць выкладчыкам і задаць хвалюючыя пытанні, у кантакце і куратары груп. Такім чынам пасля заканчэння каледжа маладыя спецыялісты не аказваюцца сам-насам са сваімі праблемамі, а маюць надзейны тыл у выглядзе вопытных калег і выкладчыкаў альма-матар.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.