З папраўкай на «амікрон». 12630 жыхароў Ляхавіччыны прышчапіліся першым кампанентам вакцыны

Каранавірус зноў пераходзіць у наступленне.
Самы надзейны спосаб супрацьстаяць COVID-19 –вакцынавацца

12630 жыхароў Ляхавіччыны прышчапіліся першым кампанентам вакцыны, 897 землякоў рэвакцынаваліся.
Дарэчы, алгарытм рэвакцынацыі аналагічны асноўнаму прышчэпачнаму маршруту. Зрабіць паўторную вакцыну (яна аднаразовая) можна як у паліклініцы, амбулаторыях урача агульнай практыкі, на ФАПах раёна, так і непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях, куды выязджаюць спецыялізаваныя брыгады медыкаў.

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, свет накрыла чарговая каранавірусная хваля, выкліканая штамам «амікрон». Ні закрыццё граніц, ні ўзмацненне абмежавальных мерапрыемстваў у многіх краінах не дапамагло абараніцца ад новага варыянта кавіда.

Першыя хворыя з выяўленым «амікронам» у Беларусі з’явіліся яшчэ напрыканцы снежня мінулага года. Па прагнозах Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у канцы студзеня – пачатку лютага чакаецца рост захворвання кавідам, а менавіта «амікронам», а таксама сезонным грыпам.
– Выснова ў такой сітуацыі адназначная: хто яшчэ не прышчапіўся супраць СОVID-19, трэба зрабіць гэта неадкладна, а тым, хто прайшоў поўны курс больш за паўгода назад, варта рэвакцынавацца. Асабіста я таксама рэвакцынаваўся. Рабіць гэта можна рознымі прэпаратамі, неабавязкова тымі, якімі праходзілі першыя курсы. У наяўнасці ў медустановах Ляхавіцкай ЦРБ ёсць усе вакцыны, што сертыфікаваны ў Беларусі, – расійскай і кітайскай вытворчасці.
Па стане на 21 студзеня, вакцынацыю прайшлі  54,4 працэнта жыхароў нашага раёна, з іх 34 – цяжарныя жанчыны, рэвакцынацыю – 897 жыхароў раёна. Нагадаю, што для рэвакцынацыі выкарыстоўваецца расійскі прэпарат «Спутнік Лайт». Таксама прышчапляюцца супраць каранавіруса і непаўналетнія ва ўзросце 12–17 гадоў, для гэтых мэт рэкамендавана кітайская вакцына, пакуль такой магчымасцю скарысталіся 84 землякі. Па-ранейшаму не варта забываць пра меры індывідуальнай перасцярогі: насіце маскі, апрацоўвайце рукі, захоўвайце дыстанцыю, – разважае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
– Калі гаварыць пра асноўныя сімптомы «амікрона», можна вылучыць наступныя: галаўны боль, боль у горле, кашаль, слабасць, ламота ў целе, насмарк, чханне, павышаная тэмпература цела. Дарэчы, такія прыкметы характэрныя для сезонных вострых рэспіраторных інфекцый. Акрамя таго, рэгіструюцца і разнастайныя страўнікава-кішачныя праяўленні накшталт млоснасці, ірвоты, болю ў жываце і г. д. Значна радзей пацыенты скардзяцца на страту паху і смаку. Можна гаварыць пра тое, што гэты штам каранавіруса працякае больш мякка, чым яго папярэднік «дэльта». Але пры гэтым «амікрон» па распаўсюджванні ў разы пераўзыходзіць іншыя штамы. Дастаткова павітацца з чалавекам, які інфіцыраваны гэтым штамам каранавіруса, і можна самому трапіць пад уздзеянне «амікрона», – адзначае загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Яўгеній Мудрагелаў. Таксама ён падкрэслівае, што сімптомы каранавіруса ў дзяцей і дарослых прыкладна аднолькавыя, разам з тым, у дзяцей часцей адзначаюцца страўнікава-кішачныя праяўленні, кан’юнктывіт, ларынгіт, магчымыя неспецыфічныя скурныя высыпанні. У большасці дзяцей COVID-19 працякае бессімптомна ці ў лёгкай або сярэдняцяжкай форме, і маленькі ці юны пацыент выздараўлівае на працягу аднаго-двух тыдняў. Аднак, па словах Яўгенія  Мудрагелава, рэгіструюцца і цяжкія выпадкі.
Нягледзячы на той факт, што каранавірусная эпідсітуацыя значна лепшая, чым, напрыклад, месяц назад, па-ранейшаму ў паліклініцы дзейнічаюць чырвоная і чыстая зоны. Хворых з цяжкім цячэннем кавіда цяпер не шпіталізуюць у аддзяленні Ляхавіцкай райбальніцы, а перавозяць у медустановы Баранавічаў. Але, як толькі з’явіцца неабходнасць і зноў стане адчувальным рост захварэлых COVID-19, пацыентаў з цяжкім цячэннем хваробы пачнуць зноў лячыць у стацыянары райбальніцы.
З прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі можна звярнуцца ў паліклініку, выклікаць урача на дом.
– Лячэнне залежыць не ад таго, чым чалавек заразіўся – «амікронам» ці «дэльтай», а ад таго, як у яго працякае інфекцыя. А таксама ад узросту пацыента, яго хранічных хвароб. Метады лячэння залежаць ад ступені цяжкасці захворвання. Галоўнае – не займайцеся самалячэннем, не рызыкуйце сваім здароўем, каранавірус абыякавасці не даруе, – гаворыць Яўгеній Мудрагелаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У ТЭМУ

6-39-04 – тэлефонны нумар рэгістратуры паліклінікі Ляха-
віцкай ЦРБ, па гэтым нумары можна выклікаць урача на дом;
2-10-37 – тэлефонны нумар кол-цэнтра па пытаннях COVID-19;
2-15-33 – тэлефонны нумар рэгістратуры дзіцячай кансультацыі;
6-30-30 – тэлефонны нумар рэгістратуры жаночай кансультацыі;
103 – нумар хуткай дапамогі.