Вопрос недопущения распространения АЧС на территории Ляховичского района стал темой очередного рабочего диалога

Асабліва небяспечная хвароба жывёл трапіла ў краіну ўпершыню.Канешне ж, клопат і задача ўсіх і кожнага, каб выпадак першы стаў і апошнім. Што для таго неабходна? Некаторыя спецыяльныя веды, разуменне адказнасці моманту і дзеянні ў адпаведнасці з ім. Першачаргова неабходна таксама слухаць і — галоўнае — выконваць рэкамендацыі, нарматыўныя патрабаванні спецыялістаў.
Па ініцыятыве райсавета дэпутатаў, яго старшыні Яўгенія Юрлевіча раённая камісія па надзвычайных сітуацыях збіралася ў пашыраным складзе ў другой палове ліпеня. Мэта — выпрацоўка канкрэтных захадаў, алгарытму дзеянняў па недапушчэнні на тэрыторыю раёна АЧС. Былі, у прыватнасці, створаны мабільныя інфармацыйныя групы з удзелам у тым ліку дэпутатаў і старастаў населеных пунктаў, задача якіх — давядзенне да насельніцтва раёна інфармацыі, што так ці інакш датычыцца тэмы АЧС. Літаральна 3 дні таму — у мінулую сераду — пытанне недапушчэння распаўсюджвання хваробы на тэрыторыю Ляхавіччыны стала тэмай чарговага рабочага дыялога, удзел у якім узяў і старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. Таксама — старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, намеснікі старшыні раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Дзяжурны, Валерый Богнат, Алег Бурак, Святлана Юрлевіч, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і сельвыканкамаў, зааветспецыялісты і іншыя.
Як расказаў галоўны ветэрынарны ўрач раёна Павел Сіцько, сітуацыя, што складваецца з гэтым пытаннем у краіне, патрабуе сур’ёзнага падыходу. Гродзенская і Віцебская вобласці прызнаны неспрыяльнай зонай па афрыканскай чуме свіней. Іменна на названых тэрыторыях выяўлены і, дарэчы, ужо лакалізаваны ачагі заражэння небяспечнай хваробай. Успышку, па высновах спецыялістаў, справакаваў нелегальна завезены ў Беларусь з замежжа камбікорм, які нейкім чынам кантактаваў з узбуджальнікам хваробы.
Дык што ж гэта такое — АЧС? Па інфармацыі Паўла Сіцько, хвароба ўпершыню была выяўлена 110 гадоў таму на Поўдні і Паўднёвым Усходзе Афрыкі. Адсюль і назва. Высокакантагіёзная вірусная хвароба дамашніх і дзікіх свіней лічыцца асабліва небяспечнай. Па класіфікацыі міжнароднага эпізаатычнага бюро ўключана ў спіс «А». Характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці. Практычна 100 працэнтаў захварэўшых свіней гіне, а тыя з іх, што выжылі — прыкладна 1-2 працэнты, — набываюць імунітэт і становяцца асноўнай крыніцай распаўсюджвання захворвання ў далейшым. Супрацьчумная вакцына не знойдзена да гэтага часу.
Небяспекі для жыцця і здароўя людзей АЧС не ўяўляе, смяротнай пагрозай з’яўляецца выключна для дамашніх і дзікіх свіней. Апошнія лічацца яе асноўнымі пераносчыкамі, распаўсюджвальнікамі па тэрыторыях. Дарэчы, узбуджальнік хваробы гіне пры цеплавой апрацоўцы мяса пры тэмпературы 60 градусаў на працягу 10 хвілін.
Ляхавіцкі раён, што і стала нагодай для пасяджэння з удзелам кіраўніка прадстаўнічай улады вобласці, аднесены да так званай першай пагражаемай зоны па магчымасці распаўсюджвання АЧС. Інакш кажучы, уваходзіць у тэрыторыі, дзе ў мэтах прафілактыкі знішчэнню падлягае ўсё свінапагалоўе, за выключэннем вытворчых комплексаў, на якіх забяспечаны і дакладна выконваюцца складаныя ветэрынарна-санітарныя меры бяспекі, абароны ад пранікнення на закрытыя тэрыторыі віруса АЧС. З 1 жніўня іх у раёне застаецца 4: свінакомплексы ЗТАА «БелДан», ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Нача», СВК «Шлях новы».
Што рабіць з дамашнім свінапагалоўем? Як было агучана ў ходзе пасяджэння, таварных жывёл можна забіваць для дамашняга спажывання. Пры гэтым, аднак, абавязкова прысутнасць ветэрынара. Магчымы і продаж: закупачная цана для свіней першай катэгорыі складзе 18996 рублёў за кілаграм жывой вагі, другой і трэцяй — 18337 і 16089 рублёў адпаведна. А паколькі магутнасці цэха Ляхавіцкага райпо абмежаваны, мяркуецца «выхад» на мясаперапрацоўчыя камбінаты вобласці.
Прагучала таксама, што пры выкананні ўсіх прадугледжаных у падобным выпадку прафілактычных мерапрыемстваў стабілізацыя сітуацыі можа наступіць ужо праз паўгода.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Вопрос недопущения распространения АЧС на территории Ляховичского района стал темой очередного рабочего диалога

  • 02/08/2013 в 19:17
    Permalink

    Людзі добрыя, скажыце канкрэтна: да якога тэрміну пазбаўляцца ад свінча і што будзе з тымі, хто гэта не зробіць.

  • 05/08/2013 в 15:53
    Permalink

    Як паведамлялася ўжо ў папярэднім нумары “Ляхавіцкага весніка”, у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна зарэгістравана два выпадкі ўзнікнення афрыканскай чумы свіней. Зараз у Ляхавіцкім раёне, як і па ўсёй Брэсцкай вобласці выконваюцца мерапрыемствы па недапушчэнню міграцыі небяспечнай хваробы на тэрыторыю раёна, вобласці. Усе, што патрэбна ведаць, што неабходна выконваць а чаго, у сітуацыі якая складваецца, рабіць катэгарычна недапушчальна – прапісана ў прынятым 22 ліпеня рашэнні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта №500 “Аб мерах, што прымаюцца па прафілактыцы і недапушчэнню распаўсюджання інфекцыйных захворванняў свіней і буйной рагатай жывёлы”. У адпаведнасці з дакументам, з мэтай недапушчэння распаўсюджвання захворвання ўсім суб’ектам гаспадарчай дзейнасці забараняецца, у тым ліку, рэалізацыя свіней у жывой вазе за межы вобласці без адпаведных суправаджальных дакументаў і дазволу ветэрынарнай службы. Звернута ўвага на безумоўнае забеспячэнне работы ўсіх свінагадоўчых ферм і комплексаў па прынцыпу закрытага тыпу. І гэта павінна было быць выканана не пазней 31 ліпеня.
    У мэтах стварэння так званай буфернай зоны ў тэрмін да 15 жніўня Ляхавіцкаму раённаму выканаўчаму камітэту пастаўлена ў абавязак арганізацыя забою (ізымання) пагалоўя свіней у асабістых гаспадарках грамадзян пад кантролем ветэрынарнай службы. Атрыманая такі чынам свініна можа выкарыстоўваца як для ўласных патрэб гаспадароў, так і для продажу на мясаперацоўчыя прадпрыемствы. Пра кошты ў мінулым нумары “Ляхавіцкага весніка” ужо гаварылася, аднак, паўторымся: за кілаграм жывой вагі свінні першай катэгорыі прымаецца па цане 18969 рублёў. Другой і трэцяй – 18337 і 16089 рублёў адпаведна. З, так бы мовіць, нетаварнымі свінаматкамі, кнырамі, парасятамі вагой да 30 кілаграмаў расклад наступны: Рашэнне аблвыканкама абавязвае райвыканкамы прадугледжаць у мясцовых бюджэтах грошы для кампенсацыйнай выплаты грамадзянам.З разліку за кілаграм жывой вагі свінаматкі па цане і аналогіі як за свінню першай катэгорыі. Кныры прыроўнены да закупачнай цаны свінні другой катэгорыі. А за кожнае парася вагой да 30 кілаграмаў гаспадарам прадугледжана кампенсацыя памерам у 600 тысяч рублёў за галаву. Безадносна таго, якую вагу яно мае на самай справе – толькі б не перывышала названую лічбу.
    Сітуацыя патрабуе і адказнасці – ад кожнага і паўсямесна. Як праінфармаваў намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Валянцін Коктыш, у выпадку невыканання рашэння аблвыканкама №500 у адпаведнасці з артыкулам 15.38 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных пакараннях на вінаватых можа быць ускладзены штраф у памеры 20–50 базавых велічынь. Адна базавая, хто не ведае, на гэты час раўняецца 100 тысячам рублёў.
    У выкананне рашэння Брэсцкага аблвыканкама №500, было прынята і адпаведнае рашэнне Ляхавіцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *