Свята ў доме. Выхаванка цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Ляхавічы сярод пераможцаў рэспубліканскай выставы-конкурсу


Выхаванка цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Арына Баргамон сярод пераможцаў рэспубліканскай выставы-конкурсу «Лёд. Кветкі. Фантазія», якую традыцыйна праводзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. У намінацыі «Калядны вянок «Свята ў доме» наша юная зямлячка ўдастоена дыплома II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
На заключным этапе конкурсу ў завочных намінацыях за першынство спаборнічалі больш за дзве сотні творчых работ навучэнцаў школ і цэнтраў дадатковай адукацыі. Сярод набораў ёлачных цацак і разнастайных навагодніх інсталяцый, выкананых з фларыстычных матэрыялаў і ваты, выдзяляўся сваёй прыгажосцю і арыгінальнасцю калядны вянок Арыны Баргамон. Для яго выканання дзяўчынка выкарыстоўвала прыродныя матэрыялы, што патрабавалася па ўмовах конкурсу.
І гэта не першая высокая адзнака 11-гадовай рукадзельніцы. Летась на гэтым жа конкурсе яна таксама была ўзнагароджана дыпломам II ступені. У снежні ўдастоена дыплома I ступені абласнога конкурсу «Калядная зорка». Арына тры гады займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах «Кветкавы дызайн». Інтарэс да творчых вырабаў у пяцікласніцы СШ № 2 выхавала яе мама Марына, якая і кіруе аб’яднаннем па інтарэсах у ЦДАДіМ. Дарэчы, многія з юных ляхавічан менавіта з яе цікавых майстар-класаў пачалі сваё захапленне фларыстыкай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.