Зорны час на “Сузор’і талентаў”

Добразычліва, цёпла, добрым настроем сустракала ўдзельнікаў раённага фестывалю “Сузор’е талентаў” САШ №1. У цэнтры ўвагі – пераможцы рэспубліканскіх, абласных, раённых алімпіяд па школьных прадметах, навукова-практычных канферэнцый, спартакіяд, края-знаўчых экспедыцый, творчых выстаў, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў, трэнеры, бацькі – усе, хто мае дачыненнне да перамог юных і таленавітых. Героі гэтага свята дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, спорце, мастацтве, турызме, творчасці. Іх прозвішчы на слыху, яны – зорачкі на школьным небасхіле інтэлекту, таленту і настойлівасці.
З прывітальным словам да рабят, іх педагогаў і бацькоў звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. “Сапраўднае багацце, нацыянальны здабытак кожнай дзяржавы – таленавітая і адораная моладзь. Дзяржаўная праграма “Маладыя таленты Беларусі” дзейнічае, каб захоўваць і прымнажаць інтэлектуальны і творчы патэнцыял нацыі, ствараць належныя ўмовы для развіцця талентаў. Багатая на іх Ляхавіцкая зямля. Пацвярджэнне таму – шматлікія перамогі нашых рабят на алімпіядах і конкурсах”, – падкрэсліў кіраўнік раённай вертыкалі. Шмат цёплых і шчырых слоў выказаў ён і ў адрас педагогаў.
Дзмітрый Бурдук уручыў прэміі спецыяльнага фонду райвыканкама пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі — 10-класніку гімназіі Сяргею Краўцэвічу і 11-класніку гэтай навучальнай установы – пераможцу саюзнай алімпіяды ”Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства” Антону Мацейчыку, пераможцам рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў ”Энергія і навакольнае асяроддзе ”Алене Ламанос і Марыне Ламанос з Тухавіцкай САШ. За падрыхтоўку таленавітых рабят граматы райвыканкама ўручаны настаўнікам гімназіі Ніне Смаршчок і Генадзію Шадуру. Настаўніца геаграфіі Тухавіцкай САШ Тамара Васько пад апладысменты прысутных атрымала значок “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Настаўнікі. Гэта дзякуючы іх вопыту і натхненню, аптымізму і бязмежнай любві да сваіх вучняў, інтэлігентнасці і энтузіязму з’яўляюцца новыя зорачкі на небасхіле творчасці і таленту. “У невялікім нашым гарадку, дзе ўсё і ўсе навідавоку, табе з паклонам я падам руку, і ціха выслухаю, быццам на ўроку”, — гэтыя вершаваныя радкі, якія прысвяціў сваёй настаўніцы Ніне Смаршчок Сяргей Краўцэвіч, кожны вучань можа сказаць з удзячнасцю свайму настаўніку. І сапраўды, колькім таленавітым рабятам далі пуцёўку ў жыццё іх дарослыя сябры – настаўнікі.
Многія здольныя вучні паспелі праявіць сябе не толькі ў раёне. Сярод іх пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый (другі год запар юныя даследчыкі Ляхавіччыны збіраюць самы вялікі ўраджай перамог на абласной навукова-практычнай канферэнцыі), экалагічнага конкурсу “Зямля — наш дом” і конкурсу “Планета Крэатыў”. Менавіта іх – прадстаўнікоў гарадскіх і сельскіх школ – віталі і ўзнагароджвалі ў намінацыі “З навукай у будучыню”. “Вельмі прыемна, што поспех нашым рабятам спадарожнічае на сапраўдным свяце розуму, таленту і натхнення – прадметных алімпіядах і творчых фестывалях, у краязнаўчых экспедыцыях, спартакіядах. Упэўнена і крэатыўна праяўляюць сябе і юныя творцы з цэнтра паза-школьнай работы”, – падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Не засталіся без увагі і лепшыя спартсмены, дыпламанты ў намінацыі “Са спортам і турызмам па жыцці”. Запомнілася і паказальнае выступленне юных спартсменаў.
Галоўныя героі намінацыі “Адоранасць у творчасці” – юныя мастакі, музыканты і творцы. Пачуццё прыгожага, умелыя рукі, натхненне, творчасць – візітная картка рабят і настаўнікаў з цэнтра пазашкольнай работы. Творы юных майстроў-умельцаў экспануюцца на выставах, самыя цікавыя і арыгінальныя былі прадстаўлены на свяце. Мэтанакіраванасць, камунікабельнасць, ініцыятыўнасць, настойлівасць і шчырасць — вызначальныя рысы лідэраў піянерскага руху. Лепшыя і актыўныя піянеры Ляхавіччыны таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
А падарылі цудоўнае свята рабятам і дарослым педагогі і выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *