Пачынаць варта з ініцыятывы. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык з рабочым візітам наведаў Ляхавіцкі раён

Падыход да кожнай праблемнай сітуацыі павінен быць сістэмным  і лагічным. У вырашэнні любога пытання, у першую чаргу, патрэбны зацікаўленасць і нераўнадушнасць – менавіта такі падыход адзначыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык падчас наведвання Ляхавіцкага раёна.

Насычаны рабочы план прадугледжваў прыём грамадзян, а таксама сустрэчу з жыхарамі Востраўскага сельсавета. Менавіта такія формы работы, калі жыхары напрамую могуць звярнуцца за кансультацыяй, тлумачэннем, вырашэннем сваёй жыццёвай сітуацыі, заваявалі высокі давер грамадзян. Паколькі кожная сітуцыя, што агучваецца і аналізуецца, не застаецца па-за ўвагай – высвятляюцца нюансы і дэталі, вывучаюцца, прадумваюцца розныя варыянты вырашэння, у выніку бакі прыходзяць да кансэнсусу.

Падчас прыёму грамадзян са сваімі жыццёвымі клопатамі і пытаннямі звярнуліся восем жыхароў раёна. Пытанні розныя, але кожнае – важнае і ўжо на кантролі памочніка Прэзідэнта. Дарэчы, многія пытанні патрабуюць не толькі ўвагі органаў улады, але і асабістай зацікаўленасці жыхароў у іх вырашэнні.
Ад імя жыхароў вёскі Гарадзішча гучала пытанне наконт абсталявання прыпыначнага пункта па патрабаванні. Спрэчная сітуацыя патрабуе дэталёвага разгляду, паколькі тут мяжа інтарэсаў не толькі мясцовых жыхароў, якім, зразумела, такая зручнасць неабходна, але і іншых зацікаўленых службаў, бо паўстае пытанне бяспекі, добраўпарадкавання прыпыначнага пункта, увогуле, магчымасці размяшчэння прыпынку ў канкрэтным месцы.
Перспектывы развіцця і надзённыя праблемы прадпрыемства агучыў дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько. Як адзначыў Валерый Вакульчык, важна, каб кіраўнік, ведаючы праблему, не спыняўся на першай няўдачы пры яе вырашэнні, не апускаў рукі, а шукаў новыя варыянты, магчымасці, прапаноўваў сваё бачанне – гэта і ёсць тое, пра што гаварыў Прэзідэнт у Пасланні да беларускага
народа і Нацыянальнага  сходу – быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе.


Сярод пытанняў, якія патрабуюць увагі не толькі мясцовай улады, але і зацікаўленасці ў вырашэнні канфліктнай сітуацыі непасрэдна грамадзян, – бытавая спрэчка суседзяў па вуліцы Школьнай у вёсцы Вялікая Лотва. Непрыемны сюжэт, які сёння значна пагаршае якасць жыцця многім людзям, павінен вырашыцца, у тым ліку, мірным пагадненнем усіх суседзяў. Пытанне не новае, ужо гучала. Старшыня райвыканкама Мікалай  Мароз адзначыў, што раённая ўлада і зацікаўленыя службы прапрацуюць усе магчымыя варыянты, вызначацца з фінансавым бокам, але без жадання суседзяў знайсці кампраміс сітуацыя ўсё ж не зрушыцца з месца.
Перспектыўнай гучала прапанова развіваць квартал забудовы ў вёсцы Літве. Вёска павінна жыць і развівацца, у гэтым перакананы старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч. Ён упэўнены, што перспектывы ў беларускай вёскі выдатныя. Дарэчы, гэты аспект таксама агучыў у сваім Пасланні Прэзідэнт Беларусі. Адзначалася, што развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна працягвацца. Прычым, арыенцір ёсць – пабудова «вёсак будучыні» па прыкладзе Копысі Аршанскага раёна. Галоўнае, развіваць інфраструктуру, ствараць працоўныя месцы з дастойнымі ўмовамі працы, тады і людзі захочуць жыць у сельскай мясцовасці, а моладзь такія перспектывы наўрад ці ўпусціць.
Сярод набалелых тэм – стан мясцовых дарог. Дарожная карта раёна, як ужо адзначалася раней, сёлета адновіцца: дарога ад Мядзведзіч да Куршынавіч набудзе асфальтабетоннае пакрыццё. Нагадаем, што практычна  80 працэнтаў выдаткаваных сёлета сродкаў з абласнога бюджэту і дарожнага фонду на рамонт і будаўніцтва дарог у раёне будзе накіравана на Ганчароўскі сельсавет. Аднак, Мікалай Мароз адзначыў, што, магчыма, дарога палепшыцца і на большую адлегласць. У планах на перспектыву – злучыць якаснай дарогай
два раёны – Ляхавіцкі і Ганцавіцкі. Прагучала просьба паспрыяць у вырашэнні пытання з нізкім узроўнем напружання электрычных сетак у вёсцы Новыя Буды. Як патлумачыў начальнік РЭС Віктар Станкевіч, заменена  798 метраў электраправадоў на провад большага сячэння. Аднак, калі пытанні ўсё ж засталіся, значыць дадаткова будуць праведзены неабходныя замеры і прынята далейшае рашэнне.
Рабочая паездка атрымала працяг у Востраўскім СДК, дзе жыхары сельсавета таксама мелі магчымасць атрымаць адказы, як гавораць, з першых вуснаў. Жыхарку Востраўскага сельсавета хвалявала выкарыстанне мацярынскага капіталу. Прадстаўнік паляўнічага калектыву БТПР выступіў з прапановамі наконт далейшых работ і перспектыў грамадскага аб’яднання. Размова на сустрэчы таксама ішла пра замацаванне маладых кадраў на вёсцы і іншыя пытанні.
Хвалюючая, асабліва для тых, хто працуе ў КСУП «Ліп-
нянка», сітуацыя з лёсам прадпрыемства. На жаль, вытворчыя вынікі не самыя пазітыўныя, гаспадарцы патрабуецца надзейная падтрымка. Як ужо вядома, напрыканцы лютага запланаваны конкурс па продажы комплексу КСУП «Ліпнянка», што знаходзіцца ва ўласнасці Ляхавіцкага раёна. Такім  шляхам, напрыклад, пайшоў былы райаграсэрвіс. Перад будучым інвестарам будуць стаяць канкрэтныя вытворчыя задачы і абавязкі па забеспячэнні сацыяльных даброт. Такія ўмовы будуць працаваць на паляпшэнне сітуацыі.
Гэта вельмі важна, што людзям не абыякава, як жыць, у якіх умовах, што яны не згодны сядзець склаўшы рукі, таму і цікавяцца, дзейнічаюць, каб штосьці змяніць. Галоўнае, як адзначыў Валерый Вакульчык, у сябе спытаць: а што я зрабіў для таго, каб спрэчная сітуацыя вырашылася?
Наперадзе рэспубліканская палітычная падзея, якая мае важнае гістарычнае значэнне з вялікай перспектывай на будучае. Удзел у рэферэндуме – абавязак кожнага грамадзяніна. Мы вырашаем, якім шляхам ісці, якім каштоўнасцям і традыцыям мы, беларусы, будзем верыць, якую будучыню мы пакінем дзецям, як сябе будзем пазіцыянаваць на міжнароднай арэне і весці палітыку ў не самых простых геапалітычных умовах. Сёння Беларусь прадэманстравала ўсяму свету сваю моцную пазіцыю, выверанасць рашэнняў, не раз паказала, што мы трымаем правільны курс і ў знешняй палітыцы. Сітуацыя ў суседнім Казахстане яшчэ раз нагадала, што мір – гэта не проста прыгожае слова, гэта самае дарагое багацце, гэта абавязковая ўмова для развіцця. Акрамя гэтага, увесь свет сёння ўпэўніўся ў правільнасці  беларускай тактыкі ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй – зладжаная сістэма аховы здароўя краіны, вакцынацыя, адсутнасць панікі. І сёння, падзея за падзеяй, беларусы вырашаюць свой лёс самастойна. Памочнік Прэзідэнта падзякаваў жыхарам Ляхавіччыны за нераўнадушнасць да сваёй малой радзімы і нагадаў, што 27 лютага на рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі неабходна думаць пра тое, што мы выбіраем сваю будучыню.
Таму актыўнасць і напярэдадні, і непасрэдна ў дзень рэферэндуму – гэта неад’ем-ны абавязак патрыётаў.

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.