Татамі дапамагае лепшым. Радуюць землякоў перамогамі на татамі выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР

Радуюць землякоў перамогамі на татамі нашы юныя дзюдаісты – выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР. На якім бы турніры ні выступалі ляхавіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі, яны заўжды змагаюцца за самыя высокія месцы.

Чарговае пацвярджэнне прыйшло днямі з Баранавічаў, дзе напрыканцы мінулага тыдня праходзілі Алімпійскія дні моладзі Брэстчыны. У майстэрстве па дзюдо спаборнічалі дзяўчаты і юнакі 2006–2007 гадоў нараджэння ў розных вагавых катэгорыях.
– Гонар прадстаўляць СДЮШАР і Ляхавіччыну выпаў лепшым з лепшых, хто паказвае добрыя вынікі. Усяго ў ляхавіцкую каманду ўвайшлі восем хлопчыкаў і адна дзяўчынка. І кожны з рабят падчас спартыўных паядынкаў стараўся прадэманстраваць усе ўменні і навыкі, якімі б моцнымі ні былі сапернікі. Але ж спорт ёсць спорт – перамагае мацнейшы, – гаворыць трэнер-выкладчык СДЮШАР Віктар Богуш.
Першае месца ў сваёй вагавай катэгорыі заваяваў Арцём Найда. Сярэбраны медаль на рахунку юнай дзюдаісткі Віялеты Новік, бронза дасталася Аляксею Грыкелю і Арцёму Туровічу.
З 17 па 19 лютага ў Полацку пройдзе рэспубліканскі фінал Алімпійскіх дзён. У складзе зборнай Брэсцкай вобласці будуць і прадстаўнікі Ляхавіцкай СДЮШАР.

Галіна КАНЬКО.