Размова з падлеткам. Следчы камітэт Беларусі запусціў інтэрактыўны флэшмоб ПОГОВОРИСПОДРОСТКОМ

У нашай краіне прымаюцца жорсткія меры, накіраваныя на спыненне распаўсюджання наркотыкаў, супрацьдзеянне іх незаконнаму ўжыванню. Сёння гэта пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі.

На Брэстчыне за незаконны абарот наркатычных сродкаў у 2020 годзе было ўзбуджана 338 спраў, у 2021 годзе – 442. Следчыя прынялі рашэнні па 121 крымінальнай справе аб перадачы пракурору для накіравання ў суд у адносінах 157 абвінавачваных.
Летась у Брэсцкай вобласці пачасціліся выпадкі атручвання наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі. Следчыя органы ўзбудзілі дзесяць крымінальных спраў па частцы 5 артыкула 328 Кры-
мінальнага кодэкса (у два разы больш у параўнанні з папярэднім годам) за збыт наркатычных сродкаў, што па неасцярожнасці пацягнула смерць 11 чалавек у выніку ўжывання наркотыкаў. Раскрыта і перададзена пракурору для накіравання ў суд адна справа па факце смерці, якая наступіла ад атручвання асабліва небяспечным наркатычным сродкам – метадонам.
На тэрыторыі раёна таксама зарэгістраваны злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Летась за захоўванне дома марыхуаны без мэты збыту асуджаны на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ляхавічанін 1992 г. н.
У 2015 годзе судом Ляхавіцкага раёна за збыт псіхатропных рэчываў на восем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці асуджаны жыхар раёна, якому тады было толькі 18 гадоў… Выйшаў з месца пазбаўлення волі на два гады раней, але быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.
Наркаманія – цяжкае, фактычна невылечнае захворванне, абумоўленае залежнасцю ад наркатычных ці псіхатропных рэчываў, якое разбурае здароўе чалавека і вядзе да дэградацыі асобы. Існуе толькі адзін спосаб пераадолець гэту небяспеку – выхаваць у падрастаючага пакалення стойкае адмаўленне любых эксперыментаў з наркотыкамі. Неабходна ведаць, што ў Беларусі няма легальных наркотыкаў – усе забаронены і знаходзяцца пад кантролем. Любыя дзеянні з імі з’яўляюцца незаконнымі, а асобы, уцягнутыя ў наркаабарот, прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Дарэчы, крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў наступае з 14 гадоў і прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да 25 гадоў.
Як паказвае практыка, усё больш непаўналетніх уцягваецца ў незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, падлеткі становяцца наркаспажыўцамі. Даная праблема патрабуе пільнай увагі з боку бацькоў і грамадскасці. У сувязі з гэтым Следчы камітэт Беларусі запусціў інтэрактыўны флэшмоб ПОГОВОРИСПОДРОСТКОМ.  Бацькам варта звярнуць асаблівую ўвагу на паводзіны свайго дзіцяці, калі яно не спіць, страціла апетыт, назіраюцца дэфекты мовы, маюцца іншыя трывожныя прыкметы.

Райаддзел СК, у сваю чаргу, таксама праводзіць прафілактычную растлумачальную работу з падрастаючым пакаленнем. Адна з такіх сустрэч адбылася 17 лютага ў аграрным каледжы.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.