Бацькоўская радасць. Колькі ў Ляхавіцкім раёне ў лютым нарадзілася дзяўчынак і хлопчыкаў?

Таццяна, Ева, Алена і Авігея – такія імёны ў лютым далі бацькі сваім дзяўчынкам. Хлопчыкаў назвалі Елісей, Іван, Цімафей, Арсеній, Раман і Аляксандр. З 11 нараджэнняў восем зарэгістравана ў аддзеле загса райвыканкама, расказала «ЛВ» яго начальнік Вольга Новік.

Лютаўскім здаравячком стаў Іван, які нарадзіўся вагой 4520 грамаў пры росце  57 сантыметраў. У сям’і гэта чацвёртае дзіця.
Дзюймоўкай месяца прызнана Ева з вагой 3400 грамаў і ростам 51 сантыметр. Першынец зарэгістраваны ў дзвюх сем’ях, другое дзіця – таксама ў дзвюх. Пяць сем’яў у апошні зімовы месяц атрымалі статус мнагадзетных. Чацвёртае дзіця нарадзілася ў адной сям’і, у адной – шостае. Сярэдні ўзрост таты – 31 год, мама на два гады маладзейшая. Самай маладой у лютым стала 22-гадовая мама, бацька – 24-гадовы.
Марш Мендэльсона ў лютым гучаў для шасці пар, якія заключылі шлюб у аддзеле загса.
Сярэдні ўзрост жаніха – 36 гадоў, нявесце 37. Самым юным жаніху і нявесце – па 19 гадоў. Стварылі сям’ю 61-гадовы жаніх і 62-гадовая нявеста.
12.02.2022 і 22.02.2022 – даты, пазначаныя ў пасведчанні аб заключэнні шлюбу ў дзвюх сем’ях нашых землякоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.