Водпуск для маці. Па ўсёй краіне прайшлі прафсаюзныя прававыя прыёмы

31 сакавіка па ўсёй краіне прайшлі прафсаюзныя прававыя прыёмы. Больш за сотню юрыстаў ФПБ кансультавалі работнікаў па пытаннях, якія датычаць прававога рэгулявання змянення працоўнага дагавора і прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў.
У Ляхавіцкім лясгасе і раённым аб’яднанні прафсаюзаў прыём вяла прававы інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Алена Бяляк. Аднаго з супрацоўнікаў лясгаса зацікавіла, каму можна браць дадатковы свабодны ад працы дзень у тыдзень. Згодна з Працоўным кодэксам, такі дзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку прадастаўляецца па заяве маці ці бацькі, апекуна, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў або трох і больш дзяцей да 16 гадоў. Свабодным днём могуць скарыстацца і маці, якія выхоўваюць двух дзяцей, але гэты дзень для іх не аплачваецца.
Яшчэ адзін зварот датычыў атрымання водпуску па-за графікам у летні перыяд. Было растлумачана, што графік водпускаў складаецца і зацвярджаецца на год. Каб адпачываць па-за графікам, патрабуецца ўзгадненне з кіраўніцтвам арганізацыі ці прадпрыемства.
Малады спецыяліст хоча прадоўжыць кантракт на максімальны тэрмін. Алена Бяляк растлумачыла, што па заканадаўстве кантракт у яго выпадку будзе заключаны на максімальны тэрмін дзейнасці – на пяць гадоў пры ўмове адсутнасці парушэнняў вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны.
Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.