Реконструкция молочнотоварных ферм — вопрос, который остро стоит на повестке дня

Рэканструкцыя малочнатаварных фермаў — пытанне, якое востра стаіць на парадку дня і знаходзіцца пад пастаянным кантролем улады — як мясцовай, так і на вышэйшым ўзроўні.

Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт зацвердзіў пералік МТФ, якія неабходна рэканструяваць сёлета. У Ляхавіцкім раёне гэта малочнатаварныя фермы «Літва» СВК «Дарава», «Русінавічы» (СВК «Ляхавіцкі»), «Вялікая Лотва», «Патапа-вічы» (СВК «Шлях новы»), «Ліпск» (СВК «Ліпнянка»), «Востраў» (СВК «Востраў-Агра»), «Падбарочча» (ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс»), «Зарытава» (СВК «Жарабковічы»). На гэтыя мэты рашэннем аблвыканкама ад 19 лютага 2013 г. выдаткавана 2,67 мільярда рублёў ільготных крэдытаў (пад 4 працэнты гадавых з канчатковым тэрмінам вяртання да 28 снежня 2015 года). Па стане на 23 жніўня асвоена 1,96 млрд. руб.
Яшчэ 4,5 млрд.руб. на такіх жа ўмовах было выдаткавана ў ліпені, і пакуль ад гэтага траншу асвоена толькі 17,7 працэнта.
Работы на ўсіх вышэйназваных сельскагаспадарчых аб’ектах вядуцца. Праўда, падыходы, тэмпы, а, адпаведна, і вынікі розныя.
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак, згодна плана рэканструкцыі МТФ «Падбарочча», райаграсэрвісу тут намечана будаўніцтва даільна-малочнага блока з устаноўкай даільнай залы тыпу «елачка». З выдаткаваных 3,1 мільярда рублёў крэдытных рэсурсаў асвоена 1,4 мільярда. Цяпер вядуцца будаўнічыя работы на даільна-малочным блоку: зманціраваны фундамент, устаноўлены калоны. Ступень гатоўнасці — 15 працэнтаў.
У СВК «Ліпнянка» для капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй малочнатаварнай фермы ў аграгарадку Ліпск з выдаткаваных амаль 2,8 млрд.руб. асвоена толькі 953 мільёны. Чаму так мала сродкаў зрасходавалі? Па словах начальніка райсельгасхарчу, справа ў даўгах. Па стане на 1 верасня пратэрмінаваная запазычанасць «Ліпнянкі» па крэдытах банка складае 235 млн.руб. Толькі пасля яе пагашэння будзе зроблена аплата за стойлавае абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы, работы па ўводзе даільнай залы.
Нямала зроблена на МТФ «Вялікая Лотва» СВК «Шлях новы». Для ўводу яе ў эксплуатацыю неабходна ў бліжэйшы час завяршыць агульнабудаўнічыя работы на прагонах для жывёлы і зманціраваць абсталяванне на даільна-малочным блоку. Малочнатаварную ферму плануецца поўнасцю запусціць у эксплуатацыю сёлета 15 верасня.
Нядрэнна ідуць справы на малочнатаварнай ферме «Літва». Зараз пашыраюцца плошчы рэканструяваных у мінулым годзе будынкаў. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Работы вядуцца гаспадарчым спосабам. З выдаткаваных 150 млн. руб крэдыту (на гэтыя мэты пайшло 1,9 млрд. руб.) усе грошы асвоены. Акрамя таго, затрачана 112 млн. руб. уласных сродкаў гаспадаркі. Для здачы аб’екта ў эксплуатацыю засталося зусім крыху: устанавіць вароты і закрыць блокамі франтон.
Няма праблем з асваеннем крэдытаў у СВК «Ляхавіцкі». Усе атрыманыя такім чынам 100 млн. руб. пайшлі на запланаваныя работы. Акрамя таго, у двух будынках фермы «Русінавічы» за кошт гаспадаркі заменены вокны, а ў бліжэйшы час (да таго, як жывёла будзе адпраўлена на зімова-стойлавае ўтрыманне) у адным з кароўнікаў з’явіцца і новы дах, таксама за грошы сельгаскааператыва. Аднак, гэта ферма для ўтрымання сухастойных кароў не будзе залічана ў спіс рэканструяваных, згодна пераліку аблвыканкама, з-за адсутнасці даільнай залы як і ў «Дарава». Хаця, па словах Алега Бурака, правядзенне рэканструкцыі МТФ з будаўніцтвам даільнай залы менавіта тут неэфектыўна — будынкі фермы старыя, эксплуатуюцца з 1976 года.
Капітальны рамонт кароўніка МТФ «Зарытава» СВК «Жарабковічы» быў пачаты ў 2012 годзе. Тады на рэканструкцыйныя работы пайшло 2,8 млрд. руб. Сёлета добраўпарадкаваны выгульныя пляцоўкі, пад’езды да фермы вы-кладзены дарожнымі плітамі. Аднак, ферма таксама не будзе залічана: жывёла не пераведзена на беспрывязнае ўтрыманне, адсутнічае даільна-малочны блок.
Ёсць шанц у СВК «Востраў-Агра», каб у залік пайшла МТФ «Востраў». Гэта магчыма пры ўмове ўстаноўкі селекцыйных варот і камп’ютарнага абсталявання для ўліку надояў малака і племянной работы. А пакуль сітуацыя, па тлумачэнні начальніка райсельгасхарчу, нагадвае ліпнянскую: пратэрмінаваная запазычанасць з улікам пратэрмінаваных працэнтаў склала па стане на 1 верасня 459 млн.руб…
Алег Бурак зазначыў, што старшыням СВК «Жарабковічы», «Востраў-Агра», «Ліпнянка» Віталію Бусько, Уладзіміру Марозу, Уладзіміру Варвашэвічу неабходна забяспечыць увод аб’ектаў у вызначаныя тэрміны. Персанальную адказнасць за гэта нясуць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, дзе рэканструюцца МТФ.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *