Урокі Васілія Ясевіча надзвычай падабаліся вучням

Яны былі заўсёды адметнымі, не падобнымі на папярэднія. Здавалася б, што ў іх можа быць асаблівага: праверка дамашняга задання, тлумачэнне новай тэмы, апытанне… Але Васілій Іванавіч так будаваў 45 хвілін свайго ўрока па рускай літаратуры, што паспявалі не толькі адказаць на пытанні настаўніка і паслухаць чарговы аповед пра рускага пісьменніка ці паэта, але і паразважаць, паспрачацца, параўнаць і прааналізаваць.
Яго паважалі і баяліся прыйсці на ўрок непадрыхтаванымі. З ім было цікава, бо ён бачыў у кожным вучні асобу. Мог так пагаварыць па душах, што вучню рабілася няёмка за дрэнны ўчынак, і гэты ўрок запамінаўся на ўсё жыццё. Напэўна таму, праз гады, стаўшы дарослымі, учарашнія школьнікі рады сустрэчы з любімым Васіліем Іванавічам і прыслухоўваюцца да яго меркавання. Няма такога дня, каб у дом настаўнікаў Ясевічаў не тэлефанавалі іх былыя вучні. Доўгі час Васілій Ясевіч працаваў намеснікам дырэктара СШ № 2. Разам з Мікалаем Валністым яны змаглі аб’яднаць вакол сябе дружны калектыў аднадумцаў, наватараў, прафесіяналаў.
Васілій Іванавіч паважаў калег, давяраў, падтрымліваў. Яны плацілі тым жа. І пасля выхаду на заслужаны адпачынак Васілій Іванавіч разам з жонкай Людмілай Браніславаўнай застаюцца ў гушчыні падзей. Яны маюць сваё меркаванне, свае погляды на жыццё. Заўсёды памятаюць і абавязкова віншуюць сваіх былых калег — настаўнікаў з чарговым юбілеем ці значнай падзеяй у жыцці. Увага і клопат важныя і неабходныя ў любым узросце, у сталым асабліва. Васілій Ясевіч — адзін з актыўнейшых чытачоў і сяброў «ЛВ». Ён не проста гартае старонкі раёнкі, а дзеліцца сваімі поглядамі на жыццё.
«ЛВ» шчыра віншуе Васілія Іванавіча з 85-гадовым юбілеем. Моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў, шаноўны і дарагі Настаўнік.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Урокі Васілія Ясевіча надзвычай падабаліся вучням

  • 10/09/2013 в 23:16
    Permalink

    Дарагі Васілій Іванавіч! Мы ўдзячныя Вам за веру, ласку, за Ваша тепло.За тое, што разумелі нас, любілі, за дапамогу, спагадлівасць, за дабро.За тыя веды, якія вы нам давали.За тое, што вучылі любіць зямлю, паважаць бацькоў, вучылі нас быць добрымі людзьмі.Будзьце здаровыя!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *