Плённая работа. У Ляхавіцкім раёне працягваецца пасяўная кампанія. Услед за раннімі збожжавымі і зернебабовымі на арэну выйшлі цукровыя буракі і лён

Тэмпературны плюс бягучага тыдня часткова рэабілітаваў красавік як другі месяц каляндарнай вясны. Сонца ў тандэме з настойлівым ветрыкам дастаткова хутка нейтралізавалі сляды нядаўняй непагадзі, актывізавалі яравыя работы ў палях. Пасяўная атрымала паскарэнне, набыла блізкі да максімальнага разгон.

Сёння ўжо лічыцца дрэнным тонам гаварыць пра сяўбу ранніх зерневых культур. Для большасці ляхавіцкіх гаспадарнікаў гэтыя работы сталі прой-дзеным этапам. А калі ж не, то не сёння – заўтра абавязкова фінішуюць.
На палявую арэну выходзяць прынцыпова іншыя «гульцы» – цукровыя буракі, у каго яны ёсць, і лён, які ў нашым раёне ёсць толькі ў Ляхавіцкіх ільнозавода і міжраённай ільнонасеннай станцыі. Што называецца, спецыялізацыя абавязвае.
Са сваіх планавых на гэты сезон чатырох соцень гектараў ільно-насенстанцыя адсеялася прыкладна на палавіне. Работа вядзецца «ў дзве рукі», дакладней, дзве сеялкі. Адна некалькі больш магутная і прадукцыйная, другая – дастаткова банальная, але не зусім звычайная. СПУшка з індэксам «Л», што, як не цяжка здагадацца, азначае льняная. Кожная з іх завіхаецца на веснавым палетку ў складзе свайго звяна – пры непасрэднай тэхналагічнай падтрымцы агрэгата-падрыхтоўшчыка глебы і насеннявоза. Як і абсалютная маса сельгас-культур, а, магчыма, і ў большай ступені, чым некаторыя з іх, лён любіць добра падрыхтаваныя палі. Пасяўны «стол» павінен быць роўны, не спрыяе добрым ураджаям і камякаватасць глебы. Усё павінна выконвацца па-элітнаму, тым больш, калі сяўба вядзецца насеннем суперэлітнай рэпрадукцыі: і падрыхтоўка, і тэхніка, і выканаўцы работ.
– Малады, дасціпны, работу сваю ведае і з ёй спраўляецца. Выдатна паказаў сябе ў мінулым годзе на прасаванні трас-ты. І хоць сёлетняя наша сяўба для Івана першая, усё ідзе як і патрэбна, –
такую «вытворчую» характарыстыку свайму механізатару-сейбіту Івану Сокалу (на здымку) даў дырэктар ільнонасенстанцыі Аляксей Раманаў.
Вельмі ў тэму будзе адзначыць факт, што цяперашняя сяўба першая не толькі для механізатара, гэта яшчэ і веснавы дэбют яго МТЗ-952. Машыну, якая яшчэ не страціла заводскі бляск, прадпрыемства набыло нядаўна. Даверылі майстравітаму, акуратнаму не толькі ў справе Івану Сокалу.

Іван КАВАЛЕНКА