БАЦЬКАЎШЧЫНА:Памятаць вечна! Сёння на Кургане Славы вядуцца маштабныя аднаўленчыя работы

Сёння на Кургане Славы вядуцца маштабныя аднаўленчыя работы. Абяцанне памятаць вечна нашчадкі берагуць і выконваюць

Памятаць вечна! 

Такое абяцанне далі героям-вызваліцелям нашы землякі ў 1967 годзе, калі насыпалі Курган вечнай Славы каля вёскі Мазуркі. Гэты наказ свята берагуць і выконваюць нашчадкі.

●З цягам часу газетныя старонкі становяцца каштоўным сведкам, што зацікаўлена і ўсебакова апавядае пра жыццё раёна – ад мясцовых здарэнняў да падзей гістарычнага значэння.
Па пажоўклых палосах архіўных нумароў раёнкі можна не толькі прасачыць, як развіваўся наш рэгіён, але і адшукаць вытокі многіх традыцый.

55 гадоў назад «Будаўнік камунізма» (такое імя насіла ляхавіцкая раёнка з 1962 па 1991 год) расказваў пра знамянальную падзею, якая адбылася 16 красавіка 1967 года і звязала моцнай ніткай памяці многія пакаленні ляхавічан. На месцах жорсткіх баёў з часцямі фашысцкага танкавага корпуса працоўныя Ляхавіцкага раёна пачалі ўзвядзенне Кургана вечнай Славы – помніка воінам, якія- загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Гартаем старонкі гісторыі

«У мінулую нядзелю працоўныя нашага раёна непадалёку ад вёскі Мазуркі ля шашы заклалі яшчэ адзін помнік бессмяроцця – курган вечнай славы. Адусюль: з калгасаў і саўгасаў, з арганізацый і ўстаноў сабраліся сюды людзі, каб ушанаваць памяць загінуўшых воінаў і партызан…
Адкрываецца мітынг… Мінутай маўчання прысутныя ўшаноўваюць памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, загінуў у барацьбе з лютым ворагам…
Чытаецца тэкст пісьма да нашых нашчадкаў, людзей далёкага трохтысячнага года. У момант закладкі капсулы ў курган гучыць Гімн Савецкага Саюза. Адзін за другім падыходзяць да кургана людзі са жменькай зямлі, прынесенай з родных палёў. Падыходзяць рабочыя і калгаснікі, піянеры і школьнікі, савецкія і партыйныя работнікі, ветэраны бітваў і працы. Сярод былых франтавікоў палкоўнік у адстаўцы І. Ф. Шаціла, К. К. Інтарынава, З. С. Новік, былыя партызаны А. Ф. Астапаў, В. М. Каравы і многія іншыя…
Мы закладваем курган Славы. Героі не шукалі славы. Слава шукала герояў . У капсуле, якая ўстаноўлена ў спецыяльнай нішы кургана, пісьмо нашчадкам. Галоўная думка яго – будзьце дастойныя славы сваіх дзядоў і прадзедаў…»

(З артыкула «Жменя роднай зямлі» «Будаўнік камунізма»
№ 46 за 18 красавіка 1967 года).

І ўжо літаральна праз тры тыдні пасля згаданай газетнай публікацыі 9 мая 1967 года наш Курган вечнай Славы прыняў свой першы святочны Дзень Перамогі. І гэта паклала пачатак вельмі важнай, кранальнай і шматгадовай патрыятычнай традыцыі.

Яшчэ крыху – і расквеціць май наша жыццё сваімі святочнымі днямі. Сярод іх асаблівая дата – Пераможнае 9 мая.
З таго далёкага 1967 года спяшаюцца ляхавічане на памятнае месца – Курган Славы, аддаць даніну павагі, аддзячыць словам, учынкам, абяцаннем берагчы мір, які яны, пакаленне вызваліцеляў, адваёўвалі для нас, нашчадкаў.
Зразумела, што гэты гістарычны насып – сэрца болю і жалобы, напамін, што і наша Ляхавіччына нацярпелася ад фашысцкіх здзекаў. Сёння, лічы, круглагадова сюды спяшаюцца нераўнадушныя людзі: пасуботнічаць і добраўпарадкаваць гэта месца, аддаць даніну памяці падчас патрыятычнага аўтапрабегу, тут проста спынешся ў імгненні адчуць той самы шчымліва-чуллівы момант.
Сёння на Кургане вечнай Славы кіпяць аднаўленчыя работы. Папрацавалі там ляхавічане падчас месячніка добраўпарадкавання – падрыхтавалі пляцоўку да больш сур’ёзных работ.
Амаль кожны працоўны калектыў прыклаў свае чыстыя намаганні, каб помнік славы героям-вызваліцелям выглядаў дагледжаным.
Цяпер хуткімі тэмпамі вядзецца рэканструкцыя – тэрыторыю Кургана Славы не пазнаць. ДРБУ-200 і камунгас разгарнулі там немалы пласт работы. Цяпер ідзе падрыхтоўка да ўкладкі асфальту, зменіцца знешні выгляд самога помніка, сцэна таксама ўмацуецца і павялічыцца, плануецца, што з’явіцца ваенная экспазіцыя… Гэта невялікі пералік работ, што цяпер вядуцца ці хутка пачнуцца на памятным месцы.
Нагадаем, што 80 тысяч рублёў, сабраных ляхавічанамі падчас раённага суботніка, накіруюцца менавіта на аднаўленне Кургана Славы. Памяць павінна жыць вечна, каб і нам перад нашымі нашчадкамі не было сорамна, што не збераглі. Мы сёння, як ніколі, на сабе адчулі, як важна жыць у міры, сабе пазайздросцілі, што пашчасціла гадаваць дзетак у мірнай краіне. І толькі ўявіце, колькі краін-суседак вакол жадаюць нам не самага лепшага, «адорваюць» санкцыямі. Мазоліць вочы ім наша невялікая, але незалежная Беларусь. А мы жывём, як і жылі, у нас генетыка пераможцаў.
Як адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, адноўлены помнік сустрэне жыхароў горада і раёна на пераможныя ўрачыстасці, якія сёлета пройдуць на Кургане Славы. Як заўсёды, ушануем памяць герояў-пераможцаў у райцэнтры (8 мая), а 9 мая па добрай традыцыі сустрэнемся на месцы, дзе непадалёку грымелі баі за свабоду нашай малой радзімы.