І ў жывёлаводаў ёсць свае «Дажынкі». У гарадскім Доме культуры ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны Ляхавіччыны

Перадавікі СВК «Ляхавіцкі» Людміла Казакевіч,
Вольга Грыкель, Надзея Асаскала, Таццяна Кендыш.

Раніцай, калі большасць з нас яшчэ бачыць сны, яны пешшу, на веласіпедзе ці аўтамабілі спяшаюцца на комплексы, фермы. Прыбраць памяшканні, падрыхтаваць кармы і абсталяванне, правесці неабходныя гігіенічныя працэдуры для жывёлы, накарміць-напаіць сваіх падапечных – такія штодзённыя клопаты тых, чыя праца выліваецца ў агульнагаспадарчыя надоі і прывагі. Назва ў гэтай нялёгкай, але такой неабходнай прафесіі – жывёлавод. Гэта і аператары машыннага даення і па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, і даглядчыкі, і заатэхнікі, і ветэрынарныя спецыялісты, і загадчыкі МТФ. Ад іх у многім залежыць харчовая бяспека краіны.

Ушанаванні і віншаванні
У сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна нямала жывёлаводаў, якія з’яўляюцца выдатным прыкладам адказных адносін да справы, выключнага прафесіяналізму, шматгадовага вопыту. Яны з году ў год паказваюць добрыя вынікі і становяцца прыкладам для сваіх калег. У мінулую пятніцу на Ляхавіччыне падвялі вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у аграпрамысловым комплексе. У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўнікі жывёлагадоўчай галіны з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Многіх нават не пазнаць, бо больш звыкла бачыць
іх у спецадзенні, чым у прыгожых сукенках ці стыльных касцюмах.
На вялікім экране – адзін за адным фотакадры жывёлагадоўчых будняў. А з глядацкай залы пільна ўзіраюцца ў фотасюжэты тыя, чыя прафесія – жывёлавод. Сёння яны – героі свята.
З працоўнымі перамогамі лепшых з лепшых павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Кіраўнік раёна пажадаў жывёлаводам цярпення, поспехаў у іх нялёгкай справе, шчасця ў сем’ях і дабрабыту. Мікалай Мароз уручыў граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў, а таксама ўзнагародзіў уладальнікаў першых месцаў у раённым спаборніцтве.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык агучыў асноўныя вынікі жывёлагадоўчай галіны раёна за мінулы год і падкрэсліў, што яны лепшыя за дзесяцігоддзе. Але патэнцыял і ў раёна, і ў кожнай з гаспадарак істотны, і яго трэба развіваць. Васілій Пыжык узнагародзіў уладальнікаў другіх і трэціх месцаў раённага спаборніцтва.
Душэўна падзякаваў за добрасумленную працу сельгасвытворцам старшыня раённага філіяла Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк і ўручыў сертыфікаты на санаторна-курортнае лячэнне ўрачу-гінеколагу ААТ «Жарабковічы» Сяргею Кобелю і чабану гэтай гаспадаркі Ганне Русакевіч.
Надзвычай пастараліся з цудоўным падарункам і падрыхтавалі шыкоўную канцэртную праграму культработнікі раёна.

Саліруе «Ляхавіцкі»
Калі скласці ў адзінае ўсе ўзнагароды за працу аператараў машыннага даення СВК «Ляхавіцкі» Вольгі Грыкель
і Зоі Сецька, то атрымаецца багатая скарбонка. Без перабольшання, апошняе дзесяцігоддзе яны заўжды сярод перадавікоў. Бо трэба надзвычай пастарацца, каб перасягнуць іх у майстэрстве даіць кароў. Па выніках 2021 года звяно ў складзе Вольгі Грыкель і Зоі Сецька – пераможца ў сваёй намінацыі з рэкордным для раёна вынікам – надой на адну карову – 9555 кілаграмаў малака (за 2020 год –
9459 кілаграмаў).
Працаўнікі «Ляхавіцкага» часцей за іншых падымаліся на святочную сцэну за заслужанымі ў нялёгкай сялянскай справе ўзнагародамі. Толькі ўявіце: больш за чатыры дзесяцігоддзі аператар па вырошчванні маладняку БРЖ Надзея Асаскала даглядае цялят, клапоціцца пра іх па правілах, распрацаваных рацыёнах, раскладзе, але з любоўю да кожнага падапечнага. Прафесіяналізм аператараў па вырошчванні маладняку БРЖ Аляксандра Толкача і Таццяны Кендыш
удасканальваецца з году ў год. Іх штодзённая праца – майстар-клас, як трэба клапаціцца пра рагуліна папаўненне. У дастойным пераліку ўзнагарод «Ляхавіцкага» асаблівае калектыўнае месца – званне лепшай сельгасарганізацыі па вытворчасці і рэалізацыі мяса.
Дарэчы, п’едэстал гонару сярод гаспадарак па вытворчасці і рэалізацыі малака выглядае наступным чынам: ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Нача», СВК «Ляхавіцкі»; па вытворчасці мяса – СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы».

У авангардзе «Жарабковічы»
Даўно вядомы сакрэт поспеху ААТ «Жарабковічы»: працавітасць тутэйшых людзей, іх прафесіяналізм, любоў да справы. Не дзіўна, што гаспадарка і яе работнікі на лідзіруючых пазіцыях сярод сельгасвытворцаў раёна. Валянціна Лойка з МТФ «Шавялі» дакладна
ведае ўсё пра сваіх падапечных кароў, для кожнай у яе знойдзецца добрае слова і пяшчота, а аддзячваюць рагулі шчодрымі надоямі, ды такімі, што Валянціна Лойка першынствавала ў раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення. У мінулым годзе звяно ў складзе Галіны Хацяновіч і Наталлі Таўпека, якія працуюць
на цялятніку «Падлессе», паказала другі вынік у раённым спаборніцтве сярод аператараў па вырошчванні маладняку БРЖ.

Поспех – традыцыя «Начы»
Свой сакрэт паспяховасці, працоўныя традыцыі, героі ёсць і ў ААТ «Нача». Не ў адно імгненне гаспадарка стала такой, якая яна ёсць. Спытайце ў дырэктара Мікалая Тарлюка пра складнікі паспяховасці, ён з іх сакрэту не робіць: праца, адказнасць, дысцыпліна і, канешне, калектыў. У якасці прыкладу – МТФ «Цэнтр». Партрэт аператара машыннага даення Наталлі Дараневіч занесены на раённую Галерэю славы. Вось ужо 12 гадоў кожную раніцу спяшаецца на ферму аператар машыннага даення Марына Вайцешык, каб пачаць у пяць гадзін дойку. Чарговы раз яе добрасумленная праца адзначана другім месцам у раённым спаборніцтве. «Выдатныя работнікі – адказныя, працавітыя, дысцыплінаваныя», – так характарызуе прызёраў раённага спаборніцтва аператараў па вырошчванні маладняку БРЖ Сяргея Кандрацюка і Валянціну Шостак намеснік дырэктара «Начы» Галіна Рамейка.

Наперад, «Шлях новы»!
Пакуль рана гаварыць, што ААТ «Шлях новы» вярнуў лідарскія пазіцыі ў раёне ў жывёлагадоўлі. Але ўсё ж пэўныя дасягненні за апошнія некалькі гадоў відавочныя. Укараненне сучасных тэхналогій на палях і фермах, удасканаленне вытворчасці тут становяцца не разавымі акцыямі, а пастаянным раскладам жыцця. Адпаведна, і настрой у людзей павышаецца, з’яўляецца жаданне працаваць больш вынікова. Другі год запар у спаборніцтве сярод аператараў па вырошчванні рамонтных цялушак другое месца зай-
маюць жывёлаводы менавіта «Шляху новага»: летась – Мікалай Навікевіч, сёлета – Ірына Буйкевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.