Паспяховы «Дэбют». На базе СШ № 1 адбыўся фінальны этап раённага конкурсу «Педагагічны дэбют»

За некалькі дзён да апошняга школьнага званка сапраўдны экзамен на прафесіяналізм трымалі маладыя педагогі Ляхавіччыны. На базе СШ № 1 адбыўся фінальны этап раённага конкурсу «Педагагічны дэбют», у якім спаборнічалі сейбіты разумнага, добрага, вечнага, якія працуюць ва ўстановах адукацыі другі год.

Фото с сайта http://lyahovichi.edu.by

Перш чым трапіць у фінал, юнак і дзяўчаты прадэманстравалі свае прафесійныя здабыткі ў завочным туры. На суд журы былі прадстаўлены планы-канспекты вучэбных заняткаў, прэзентацыйнае партфоліа, характарыстыка маладога педработніка і справа-здача аб рабоце за два навучальныя гады.
У фінале на іспыце «Настаўнік + малады педагог = каманда» канкурсанты і іх старэйшыя таварышы-педагогі прадэманстравалі вынікі сумеснай дзейнасці, творчы падыход, уменне аналізаваць, абгрунтоўваць уласную пазіцыю. Каб вырашыць прапанаваныя педагагічныя сітуацыі, давялося прадэманстраваць эрудыцыю, культуру, здольнасць да імправізацыі.
Па выніках усіх этапаў перамогу ў раённым конкурсе атрымала настаўнік біялогіі і геаграфіі Дараўскага ВПК Яна Юшкевіч. Дарэчы, менавіта яна летась стала пераможцай раённага этапу конкурсу «Малады настаўнік Брэстчыны». У намінацыі «лепшы настаўнік маладога педработніка» пераможцай прызнана настаўнік Тухавіцкай СШ Людміла Русакевіч.
Галіна КАНЬКО.