Вартавыя санітарнага парадку. На варце санітарнага парадку ў Ляхавіцкім раёне калектыў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

У нас невялікі – зараз працуе 22 чалавекі, але дружны, зладжаны і вопытны калектыў. Узаемазамяняльнасць, падтрымка, надзейнасць, адказнасць, уменне сканцэнтравацца – гэтыя якасці ўласцівы кожнаму. Разам мы выконваем адну галоўную задачу – стаім на варце санітарнага парадку ў раёне, – адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Без дакладнага ўзаемадзеяння, разумення адзін аднаго з паўслова працаваць у камандзе немагчыма.
А вось спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія вядуць пытанні гігіены, – адзіны зладжаны механізм, кожны з работнікаў выдатны прафесіянал, які на высокім узроўні спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Уся інфармацыя фільтруецца, каардынуецца, абагульняецца, робяцца высновы пры непасрэдным удзеле і пад кіраўніцтвам урача-гігіеніста Вольгі Жук. Дарэчы, упершыню на старонках «ЛВ» Вольга «засвяцілася» яшчэ ў статусе ўрача-інтэрна, калі рабіла першыя самастойныя крокі ў прафесіі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогі. У гэту медустанову ўраджэнка Століншчыны прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. І адразу з галавой акунулася ў работу. А экзаменатарам маладога ўрача на прафпрыгоднасць стаў каранавірус.
– Сказаць, што было складана, – нічога не сказаць. Усё новае, невядомае, не толькі для мяне, маладога спецыяліста, але і для кожнага з нашага калектыву. І як жа дакладна кіраўніцтва райЦГіЭ спрацавала ў той сітуацыі. Былі размежаваны зоны адказнасці, абавязкі кожнага, таму не адчувалася панікі. А вось страшна не было, бо побач вопытныя дарадцы і настаўнікі – урачы Віталій Ціханаў, Валянцін Скарына, Васілій Скараход, – адзначае Вольга Жук.
Цяпер Вольга Аляксандраўна і сама можа даць прафесійныя парады і кампетэнтныя рэкамендацыі ў рабоце. Але і сёння заўжды з удзячнасцю і гатоўнасцю прыслухоўваецца да меркаванняў сваіх калег. Як і прадказваў калісьці, як толькі Вольга Жук рабіла першыя прафесійныя крокі, кіраўнік санслужбы раёна Віталій Ціханаў, з яе атрымаўся добры ўрач.
Адзін з важных і адказных накірункаў работы райЦГіЭ – камунальны. Яго складнікі – дзяржаўны санітарны нагляд за водазабеспячэннем, лазневым абслугоўваннем, аказаннем цырульніцкіх і касметычных працэдур, выкананнем санітарных нормаў і правілаў на бытавых аб’ектах, праверка зон купання на тэрыторыі раёна. Тут саліруе Данута Багдановіч, якая чатыры дзесяцігоддзі працуе ў Ляхавіцкім райЦГіЭ і амаль 20 гадоў у якасці памочніка ўрача-гігіеніста.
– Работа наша цікавая, але складаная. Без дакладнасці, умення сканцэнтравацца, уважлівасці, аб’ектыўнасці ніяк нельга, – гаворыць Данута Багдановіч.
Да парад Вольгі Шчарбаковай падчас разнастайных рэйдаў, маніторынгаў, праверак заўжды прыслухоўваюцца і абавязкова іх выконваюць. Дастаткова толькі адзін раз паназіраць за памочнікам урача-гігіеніста падчас, напрыклад, чарговага маніторынгу магазіна, становіцца відавочна: працуе профі. Яна дасканала вывярае, як захоўваецца тавар, ці вытрымліваецца таварнае суседства, не застаюцца па-за ўвагай і тэрміны прыгоднасці, санітарныя нормы і правілы на прадпрыемствах, дзе выпускаецца прадукцыя харчавання, на аб’ектах грамадскага харчавання.
– Падабаецца мая работа. Нехта скажа, што тут цікавага – адно і тое ж. На справе ўсё зусім не так. Ды і канчатковы вынік важны – клопат пра здароўе людзей, каб яны набывалі якасны тавар.
Я адбылася ў прафесіі, дзякуючы, у тым ліку, урачам райЦГіЭ Міхаілу
Шуляку, Валянціну Скарыне, – гаворыць Вольга Шчарбакова, якая працуе тут больш за 20 гадоў.
– Курырую гігіену працы. На кантролі – умовы працы, санітарна-бытавое забеспячэнне, утрыманне тэрыторый аб’ектаў, бытавое абслугоўванне, правядзенне медаглядаў. Выязджаем на аб’ект, праводзім агляд. У залежнасці ад вынікаў пішацца даведка. Калі ёсць парушэнні патрабаванняў санітарных нормаў і правілаў, вызначаюцца тэрміны іх ухілення, складаюцца рэкамендацыі. І суб’ект гаспадарання абавязаны ўсё выправіць і даць адказ, – дзеліцца спецыфікай работы памочнік урача-гігіеніста Юрый Лімант.
Ці правільна складзены расклад у школе, ці за той партай сядзіць вучань, і што ў школьным меню – усё пра гэта падрабязна ведае памочнік урача-гігіеніста Таццяна Палуян, якая ў адказе за гігіену дзяцей і падлеткаў.
У супрацоўнікаў райЦГіЭ заўтра прафесійнае свята. «ЛВ» зычыць вам,
шаноўныя вартавыя санітарнага спакою ляхавічан, моцнага здароўя, поспехаў у працы, невычарпальнай энергіі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.