Ляхавічы:рыхтаваліся старанна, сустракалі гасцей добразычліва, ушаноўвалі ганарова, весяліліся з размахам. А як справы былі падчас “Дажынак” з грамадскім парадкам?


На жаль, не абышлося без дарожна-транспартных здарэнняў. Як расказаў начальнік АДАІ РАУС Юрый Малевіч, а палове чацвёртай гадзіны раніцы адбылося ДТЗ на 435-ым кіламетры аўтадарогі “граніца Расійскай Федэрацыі — Крычаў-Бабруйск – Івацэвічы”. Аўтамабіль наехаў на пешахода, жыхара вёскі Тальмінавічы. Траўмаванага пешахода даставілі на лячэнне ў райбальніцу. Вадзіцель, які ўчыніў наезд, з месца здарэння ўцёк. Вядзецца вышук.
Супрацоўнікі АДАІ працавалі ў святочны дзень ва ўзмоцненым рэжыме. Захоўваць парадак на дарогах ім дапамагалі байцы спецыяльнага ўзвода “Буг” УДАІ Брэсцкага аблвыканкама. 14 верасня на тэрыторыі раёна затрымана 5 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, — усе яны мясцовыя жыхары.
Стаяць на варце здароўя гаспадароў і ўдзельнікаў свята ляхавіцкім медыкам дапамагалі іх калегі са станцыі хуткай медыцынскай дапамогі горада Баранавічы і брыгада інтэнсіўнай тэрапіі з Брэста.
“Сухія рукавы” былі ў гэты дзень у супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Падраздзяленне РАНС выязджала па выкліку толькі раз — на ліквідацыю гнязда шэршняў у вёску Навасёлкі Свяціцкага сельсавета.
Для многіх работнікаў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” субота 14 верасня была рабочай. Яны сачылі за тым, каб на гарадскіх вуліцах было чыста. І на наступны дзень, калі госці раз’ехаліся, а мясцовыя жыхары адпачывалі, камунгасаўцы прыбіралі горад з самага ранку.
Быў на “Дажынках” яшчэ адзін прыемны момант — вяселле. 14 верасня 2013 года стала незабыўным днём для ляхавічанкі Алены Быцко і баранавічаніна Рамана Адамчыка, якія ўзялі шлюб у мясцовым аддзеле загса.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *