Вялікая сіла аргана.У мінулую нядзелю ў Святапетрапаўлаўскім касцёле ў Мядзведзічах зноў «давалі» арган

У мінулую нядзелю ў Святапетрапаўлаўскім касцёле ў Мядзведзічах зноў «давалі» арган. Пасля рамонту тутэйшага гістарычнага аргана 1912 года віленскага майстра Пятра Вайцяховіча такія канцэрты ў гэтым храме ўжо сталі прыгожай традыцыяй.

Выступіць у Мядзведзічах прыехаў адзін з самых запатрабаваных арганістаў сучаснасці – прафесар, заслужаны артыст Расіі,
загадчык кафедры аргана і клавесіна Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі Даніэль Зарэцкі.
Гледачы, якіх сабралася нямала, з заміраннем сэрца слухалі музычныя творы, якім шмат стагоддзяў, і сучасныя. І гэта была цудоўная магчымасць далучыцца да непаўторнага свету арганнай музыкі, прыгожага мастацтва і духоўнасці.
Гэты арганны канцэрт быў першым з сямі, якія запланаваны ў мядзведзіцкім касцёле з перыядычнасцю раз у два тыдні. На працягу лета музычныя творы на старадаўнім аргане будуць выконваць вядомыя арганісты з Беларусі, Расіі, Славеніі. Так што, калі ў вас не атрымалася пабываць у Мядзведзічах 26 чэр-веня, ёсць усе шанцы зрабіць гэта 10 ліпеня ці пазней.
Дарэчы, мядзведзіцкія канцэрты сёлета сталі часткай вялікага фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi («Вялікае мастацтва аргана»), што пройдзе ў 12 месцах Беларусі і будзе складацца з 54 канцэртаў.
Святлана СТЫКУЦЬ.