Жыццялюбства і стойкасць духу – візітная картка шчаслівага чалавека

Гераіня гэтай замалёўкі – хросная маці маёй жонкі, ветлівая, жыццярадасная Яўгенія Фамінічна Грыцук з вёскі Шчаснавічы. На яе месцы ў гэтым аповядзе маглі б аказацца многія жанчыны, якія спазналі цяжар ваеннага і пасляваеннага часу, але захавалі бадзёрасць, сілу духу, жыццярадаснасць і аптымізм.
Замуж Яўгенія выйшла ў 1943 годзе. У 1944-м у яе нарадзіўся першынец, якога назвалі Іванам. Але нядоўга працягвалася сямейнае шчасце: мужа Косціка ў жніўні 44-га прызвалі на фронт. Яму ўдалося выжыць у пекле кровапралітных баёў, але дамоў вярнуўся з прабітымі лёгкімі і зрашэчанай кулямі грудной клеткай. Медыкі прызналі яго непрацаздольным, і Косця атрымаў пасведчанне інваліда другой групы.
Насуперак выпрабаванням лёсу, Яўгенія Фамінічна радавалася жыццю, яе ніколі не бачылі прыгнечанай. У сям’і адзін за адным з’яўляліся дзеткі – Пеця, Адам, Яніна, Шура. Іх усіх трэба было накарміць, адзець. Акрамя гэтага, трэба было даглядаць немалую хатнюю гаспадарку. Работы – безліч. Але… Кожны дзень, праходзячы ля дома Яўгеніі Фамінічны, вяскоўцы спяшаліся на працу і вярталіся гэтым жа шляхам. У час абедзеннага перапынку за некалькі хвілін да іх з’яўлення наша Яўгенія, змахнуўшы з твару кроплі поту, апранала святочную сукенку і накідвала на плечы белую хустачку. Усім выглядам дэманструючы радасць жыцця, садзілася на лавачку ля свайго дома, нібы не трэба было палоць агарод, даглядаць гаспадарку, пяцярых малых дзяцей, мужа інваліда… Такі вось характар!
Калі дзеці падраслі і пайшлі ў школу, Яўгенія Фамінічна стала працаваць на ферме, уручную даіла 30 кароў. Хутка яе імя з’явілася сярод перадавых даярак мясцовага саўгаса “Нача”. Многія здзіўляліся, як ёй удаецца і вялікай сям’ёй паспяхова правіць, і на ферме ў перадавіках хадзіць.
Жыццялюбства не пакінула Яўгенію Фамінічну і пасля выхаду на пенсію. Часта ў нядзелю яе бачылі ідучай пешшу за 11 кіламетраў у царкву ў райцэнтр (пазней стаў выручаць рэйсавы аўтобус).
Кожнае лета да яе з гарадоў прыязджалі ўнукі. Іх шасцёра. А нядаўна дабавілася яшчэ і 7 праўнукаў. Калі яны дружна садзіліся за стол і частаваліся бабулінымі прысмакамі, суседзі шчыра любаваліся вясёлым дзіцячым царствам.
Яўгенія Фамінічна, нягледзячы на шаноўны ўзрост (ёй ужо 91), адна жыве ў сваім утульным доміку на ўскрайку вёскі. Дзеці ж даўно хто ў Баранавічах, хто ў Мінску. Шмат разоў прапаноўвалі пераехаць да іх у гарадскую кватэру. Але яна адмовілася, маўляў, ёй, як той птушачцы, галінка даражэй за залатую клетку.
…Думаю пра гэту мужную жанчыну і пра яе сялянскую веліч. З нялёгкіх лёсаў такіх звычайных, на першы погляд, людзей складваецца і лёс роднай зямлі.
Анатолій ДЗЕНІСЕЙКА,
г. Іванава.

One thought on “Жыццялюбства і стойкасць духу – візітная картка шчаслівага чалавека

  • 03/10/2013 в 20:07
    Permalink

    Честь и хвала таким женщинам! Здоровья им, долголетия! Вот так и держиться на таких женщинах наша земля!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *