Юбілейны торф… ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі” сёлета споўнілася 40 гадоў

На справе трэба чытаць торт. Як і сама дата, прыгожы з выгляду, з эфектыўным унутраным начыннем. Па смаку стрыманы, а 40 святочных свечак на ім традыцыйна належала б “задуць” калектыву прадпрыемства колькасцю ў 265 чалавек.
ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі” сёлета споўнілася 40 гадоў, калі за кропку адліку браць момант сыходу з кулерын прадпрыемства першай тоны брыкетаў. Адбылося тое ў няблізкім 1973, а ў годзе мінулым завод вырабіў юбілейную пяцімільённую тону прадукцыі. Пасля Старобінскага, што ў Салігорскім раёне, наш торфабрыкетны займае другое па магутнасці месца ў краіне, з’яўляецца адным з буйнейшых у гэтым сегменце вытворчасці ў Еўропе. Дарэчы, значную частку сваёй прадукцыі прадпрыемства і рэалізоўвае ў тым самым еўрапейскім замежжы. Найбольш у Швецыі, аднак, ведаюць тухавіцкі прадукт і ў Фінляндыі, і ў Прыбалтыцы. Унутраны ж попыт “завязаны” на большасць рэгіёнаў Брэстчыны, Гомельская вобласць даўно, многа і ўзаемавыгадна супрацоўнічае з заводам, некаторыя з раёнаў Магілёўшчыны грэюцца нашым брыкетам, штогадовы вытворчы вал якога не апускаецца ніжэй за 100 тысяч тон. Праектны ж патэнцыял ТБЗ “Ляхавіцкі” – прыкладна ў паўтара разы большы.

Вадзіцель пагрузчыка Пётр Тупальскі.

За дзесяцігоддзі гісторыі вытворчыя аддзяленні торфабрыкетнага прайшлі, канешне, праз шэраг глыбокіх рамонтаў, рэканструкцый, мадэрнізацый. Аднак прынцыповая схема здабычы фрэзернага торфу з наступным яго прэсаваннем застаецца класічна-ранейшай. І 40 гадоў назад, калі прадпрыемствам кіраваў Іван Варановіч, і пасля – пры дырэктарстве Уладзіміра Літвінава і Васілія Іванова, і зараз, калі прадпрыемства “прыняў” Міхаіл Хаміцэвіч.
Працоўнаму калектыву – нашы віншаванні!
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *