Зіма знянацку не застане.Асновай для такой высновы паслужыў аналіз спраў у камунальнай кацельнай гаспадарцы Ляхавіцкага раёна

Мядзведзіцкая кацельня гатова адчыніць «засаўкі» па першай камандзе. На фота машыністы Юрый Бурба і Віктар Станіславовіч.

Пройдзена адна траціна восені. Пажоўклае лісце ва ўсю гуляе па асфальце. Можна сказаць, вядзецца ўжо адваротны адлік часу да моманту пачатку ацяпляльнага сезона. Год назад падобнае адбылося 10 кастрычніка. Якія паводзіны дазволіць сабе надвор’е на гэты раз і калі “загадае” ўключэнне – вызначыць немагчыма. Але што застаць камунальнікаў знянацку ў яго не атрымаецца – факт, пацверджаны асабістымі назіраннямі і тлумачэннямі спецыялістаў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.

З 25 камунальных кацельняў, якія сагравалі раён на працягу шэрагу апошніх гадоў, сёлетнім сезонам працу працягнуць 24: з закрыццём у гэтым годзе Сваятыцкай базавай школы, зразумела, адпала і патрэба ў функцыянаванні завязанай на яе кацельні. Як патлумачыў галоўны інжынер камунгаса Аляксандр Жук, аб’ект належыць кансервацыі. Далейшы лёс кацельні знаходзіцца ў руках і залежыць ад рашэнняў яе ўласніка – раённага выканаўчага камітэта.
На сённяшні дзень з пашпартамі гатоўнасці да работы ў новым сезоне знаходзяцца ўжо ўсе згаданыя аб’екты цеплавытворчасці. Большасць з іх прайшла і паспяхова вытрымала перадсезонную праверку на пачатку верасня. Некалькі апошніх – для прыкладу можна назваць кацельні ў Начы, гарадскую ў раёне райаграпрамтэхнікі, дзве, што знаходзяцца ў Крывошыне, у Тальмінавічах, – на пашпартную гатоўнасць выйшлі некалькі пазней – атрымалі дакументальнае таму пацвярджэнне 13 верасня.
Гэта, так бы мовіць, этап фінішны, якому папярэднічала працяглая, у рознай ступені складаная, карпатлівая работа, што пачалася літаральна адразу з завяршэннем мінулага сезона. Напрыклад, адно з рашэнняў, прынятых райвыканкамам напрыканцы красавіка, давала ацэнку яго вынікам і ставіла задачы на сезон 2013–2014. Праведзены аналіз стаў падставай для абазначэння першачарговых, тэрміновых, сярэднетэрміновых, іншых неабходных і проста прапісаных рэгламентам работ. З разлікам вываду грувасткай, тэхнічна складанай камунальнай ацяпляльнай сістэмы раёна на вытворчую гатоўнасць у тэрмін да 1 кастрычніка.
Мэты, ды і патрэбы, прывесці дакладны і поўны пералік зробленага камунгасаўцамі ў міжсезонне, канешне, няма. Хіба дзеля прыкладу і кароткім штрых-пункцірам пра некаторае. Новыя катлы – па адным на кожнай – устаноўлены сёлета на кацельнях у Крывошынскай школе і аграгарадку Падлессе. “Зманціраваны, правераны, стаяць пад ціскам”, – акрэсліў сітуацыю начальнік кацельнай гаспадаркі ЖКГ Мікалай Плаўскі. Працягвае капітальна рамантавацца адзін з трох цеплаагрэгатаў на гарадской – так званай квартальнай – кацельні. Задача няпростая, работы выконвае адна са спецыялізаваных арганізацый Брэстчыны. Тут да месца будзе дадаць, што зараз задзейнічаны (і гэтага хапае) толькі адзін з “квартальных” катлоў, у ацяпляльны перыяд пад нагрузку ставіцца яшчэ адзін. Трэці, як правіла, знаходзіцца ў рэзерве.
Замена старога помпавага абсталявання на цеплагенератарных аб’ектах раёна перманентна вялася на працягу шэрагу апошніх гадоў. Работа не аднамаментная, няпростая і нятанная, завяршыць якую камунгасаўцы змаглі гэтым міжсезоннем. Як расказаў Аляксандр Жук, асноўнае помпавае абсталяванне ўсіх кацельняў цяпер новага тыпу. Сярод шэрагу іншых вытворчых пераваг, яно характарызуецца большай надзейнасцю і эфектыўнасцю, меншым энергаспажываннем. Маецца на ўвазе асноўнае абсталяванне (рэзервовае застаецца тым жа), аднак эканоміку яно не фарміруе: па словах Аляксандра Жука, на працягу ўсяго мінулага сезона рэзерв вымушаны былі задзейнічаць на лічаныя гадзіны.
З 24 увогуле толькі 7 кацельняў спажываюць газ у якасці энерганосьбіту. Астатнія цвёрдапаліўныя – працуюць на МВП, прасцей кажучы, тухавіцкім торфабрыкеце, дровах. Заўважым, што і торфа-, і дрованарыхтоўкі камунгаса ў гэтым годзе перавышаюць і планавыя, і мінулагоднія на аналагічную дату. У нейкім сэнсе і ў сувязі з названым узнікла неабходнасць у расшырэнні, як, напрыклад, навесаў для складавання дроў у Коньках. У Дараве з’явіўся новы, другі па ліку. Праведзены ці праводзяцца рамонты на дрывяных складах кацельняў у Русінавічах, Крывошынскай і Мядзведзіцкай СШ, Тальмінавічах. Пра 2 апошнія аб’екты ёсць і асабістыя ўражанні. Свежая пабелка-пафарбоўка тэхналагічнага абсталявання, элементаў памяшканняў. Запасы дроў на сотні кубаметраў, завезены торфабрыкет. Персанал падчас нашага наведвання ўносіў апошнія штрыхі, завяршаў, з дазволу сказаць, вытворчы вобраз.
Машыніст кацельні Мядзведзіцкай СШ Віктар Станіславовіч тлумачыць: “Увосень, калі на вуліцы “плюс” ці невялікі адмоўны градус, пачынаем працаваць з аднаго катла. Дастаткова. Пазней, з паніжэннем тэмператур з’яўляецца неабходнасць задзейнічаць другі цеплаагрэгат. У асноўным яны і працуюць. Патрэба ў рабоце трэцяга ўзнікае толькі калі за акном мінус 20 і ніжэй”.
Кацельні, паліўныя запасы, а для паўнаты формулы зараз і цепласеткі. Як вам такі вобраз: калі кацельню параўнаць з сэрцам цепласістэмы, то трубныя магістралі, безумоўна, – яе крывяносныя сасуды. Пры падрыхтоўцы да надыходзячага ацяпляльнага сезона планавалася замяніць амаль 6 з паловай кіламетраў гэтых стальных у аднатрубным пераразліку “сасудаў”. Пакуль на адзначаную лічбу не выйшлі, але работы не спыняюцца. Рамонт і замена цеплатрас працягваецца. У прыватнасці, адна з лінейных брыгад у дзень нашага “маніторынгу” цеплагаспадаркі ЖКГ працавала ў перыметры аграрнага каледжа. Замест старых, месцамі “худых” труб пойдуць новыя – папярэдне ізаляваныя – куды больш эфектыўныя ў недапушчэнні лінейных страт цеплаэнергіі. Апошняе вельмі важна ў рэчышчы таго, што значную частку энерганосьбітаў краіна імпартуе. А да дорага купленага, як здаецца, павінны быць ашчадныя адносіны.
Да чаго ўсіх спажыўцоў цяпла і заклікаем. Вокны і дзверы без шчылін, аптымальна разумнае праветрыванне памяшканняў і іншыя вядомыя кожнаму прапісныя ісціны таксама з’яўляюцца творцамі надвор’я ў нашых дамах.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *