Па канонах авечай прыгажосці. Шмат гадоў авечкаферма «Канюхі» ААТ «Жарабковічы» напачатку ліпеня адкрывае сезон касметычных працэдур

Як і ў звычайны салон прыгажосці, у гэты эксклюзіўны – жывая чарга. Шмат гадоў авечкаферма «Канюхі» ААТ «Жарабковічы» напачатку ліпеня адкрывае сезон касметычных працэдур, што доўжыцца каля месяца. Майстра, да якога трапіць на прыём, кучаравым мадэлям выбіраць не даводзіцца. Але кожны з работнікаў авечкафермы, хто робіць стрыжку, манікюр ці педыкюр тутэйшым моднікам, сваю справу ведае добра і выдатна спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Так што пакідаючы імправізаванае «крэсла», прыгожая пасля салонных працэдур жывёла застаецца задаволена абнаўленнем і,
у прамым сэнсе, аблягчэннем.

– Падчас стрыжкі кожная жывёла, а сёлета падстрыгуць паўтары тысячы авечак і бараноў, у залежнасці ад узросту, памераў, пароды
губляе ад двух да чатырох з паловай кілаграмаў воўны, – адзначае начальнік фермы «Канюхі» Таццяна Чапля.
Уяўляеце, наколькі лягчэй дыхаецца і паляпшаецца самаадчуванне, асабліва ў спякотнае надвор’е, калі, у рэшце рэшт, пазбаўляешся ад такой шавялюры. Цікавы факт: самыя важкія кілаграмы воўны даюць паўтарагадовыя бараны, якія стрыгуцца ўпершыню. Па словах заатэхніка-селекцыянера Анжэлы Таранда, своечасова выкананая працэдура ўплывае на апетыт, што, у сваю чаргу, – на набор вагі, фізічную актыўнасць, здароўе жывёлы. Дарэчы, як і для Анжэлы Таранда, так і для Таццяны Чапля сёлетняя авечая стрыжка ў прафесійнай кар’еры першая, абодва спецыялісты працуюць у «Жарабковічах» адносна нядаўна – няма яшчэ і году. Але паспелі прывыкнуць, іх задавальняюць і ўмовы працы, і адносіны ў калектыве, дзе пануюць дапамога, узаемавыручка, дружалюбнасць. Без гэтых якасцей, як і без прафесіяналізму, любві да жывёлы працаваць на авечкаферме цяжка.


Сёння ў «Канюхах» у спецыяльных памяшканнях раскватараваліся на пастаяннае месца жыхарства 2730 авечак, бараноў, ягнят парод асканійскай, мерыналандшаф і прэкас.
– Кармоў для жывёлы хапае, яны ўласнай вытворчасці, без ніякіх дабавак. Кармленне механізаванае. Зааветспецыялісты распрацавалі дыферэнцыраваныя рацыёны для матачнага пагалоўя і агульнага статка. А маладняк на шчодрым кармавым стале мае дадатковую порцыю ў выглядзе зерня. Клапоцімся і пра тое, каб матачнае пагалоўе часцей бывала на свежым паветры. Выгул абмяжоўваецца не толькі дваром аўчарняў, але побач знаходзіцца і так званая зялёная пашавая тэрыторыя, – расказвае Таццяна Чапля.
Вернемся ў салон прыгажосці, дзе чарговая мадэль адпраўляецца ў рукі «візажыстаў». Адна з важных для атары працэдур – абрэзка капытаў. Тут важна моцна трымаць асабліва вёрткіх кучаравых кліентаў, каб не брыкаліся і не вырываліся.
– Праўда, у асноўным ні бараны, ні авечкі не супраціўляюцца, – прывыклі да такой працэдуры ці, магчыма, разумеюць, што такім чынам чалавек клапоціцца пра іх здароўе. Яшчэ адна абавязковая працэдура – забор крыві для далейшага даследавання на розныя захворванні, па яго выніках ідзе сартаванне і выбракоўка пагалоўя. Не менш важны і яшчэ адзін этап – апрацоўка парэзаў і ран, – тлумачыць працэс загадчык авечкафермы.
За здароўем кучаравых, іх рацыёнам, умовамі ўтрымання з дня ў дзень уважліва сочыць вопытны ветэрынарны фельчар Наталля Кукета. Кола яе абавязкаў таксама – прафілактыка хвароб, вакцынацыя – двойчы ў год, недапушчэнне распаўсюджвання хвароб сярод статка.
Вось і надышоў час падстрыгчыся. Стрыжка сёлета – поўнасцю справа ўмелых рук і адметнага майстэрства стрыгальшчыка Дзмітрыя Ленкаўца. За дзень ён можа падстрыгчы да 60 падапечных.
Нядаўна завяршыў работу на авечкаферме студатрад, у складзе якога навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Юнакі і дзяўчаты на працягу дзесяцідзёнкі шчыравалі ў салоне прыгажосці для жывёлы – скарысталіся выдатнай магчымасцю на практыцы прымяніць атрыманыя падчас вучобы веды і зарабіць уласныя грошы. Некаторыя нават пасля работы студатрада застаюцца тут працаваць на канікулах.
Расказ пра «Канюхі» будзе няпоўным, калі не ўзгадаць пра вытворчую частку. Жывёла ва ўзросце сем-восем гадоў адпраўляецца на Бярозаўскі мясакамбінат, астатняя застаецца на авечкаферме. У сярэднім штомесячна здаецца на перапрацоўку больш за дзве тоны бараніны. Дарэчы, тушонка з жарабковіцкай бараніны, якую выпускаюць у Бярозе, надзвычай запатрабавана ў пакупнікоў.
А вось з рэалізацыяй воўны па-ранейшаму праблемы. Попыт на яе нізкі.
– Даводзіцца канстатаваць, што і сёлета ў гэтым плане працуем на склад. Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка яшчэ не разлічылася за ранейшыя пастаўкі з «Жарабковічаў». Але спадзяёмся на лепшае, –
гаворыць Таццяна Чапля.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.