Россып праваслаўных юбілеяў. Адзначаецца 1030-годдзе праваслаўя на беларускіх землях

Урачыста, святочна, натхнёна, шчыра ў Год гістарычнай памяці адзначаюць 1030-годдзе Праваслаўнай царквы на беларускіх землях.

Захаванне традыцый, умацаванне нацыянальнага адзінства і згоды ў імя міру на беларускіх землях былі і застаюцца асноўнымі пастулатамі развіцця праваслаўя ў Беларусі. І на Ляхавіччыне гэтай значнай даце – значная ўвага. Вечарам у мінулы чацвер каля Крыжаўзвіжанскай царквы было шматлюдна – вернікі, духавенства, госці, у тым ліку і протаіерэй Анатолій Нагорны з храма Святога Мітрафана (г. Масква).


З праваслаўным юбілеем, а таксама з 25-годдзем утварэння Ляхавіцкага благачыння і пяцігоддзем работы брацтва ў гонар святога прападобнамучаніка Серафіма архімандрыта Жыровіцкага ў Ляхавічах прыхаджан павіншаваў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій.
Радасць з прыхаджанамі раздзялілі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Шчыра і пранікнёна гучала прывітанне ад благачыннага цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэя Георгія Жытко.
Да чаго ж цікава было ў гэты ліпеньскі вечар і дзецям, і дарослым. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў разнастайных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. У імправізаваным «Горадзе прыгод» – яўна не да суму, тут панавалі вяселле і звонкі дзіцячы смех, а яшчэ раздавалі падарункі – карціны, зробленыя рукамі прыхаджан, і смачныя пачастункі. А дарослыя атрымлівалі непаўторную асалоду ад дзівоснага юбілейнага канцэрта, кожны нумар якога закрануў струны душы. Выступалі не толькі самадзейныя артысты і калектывы з нашага раёна, выхаванцы нядзельнай школы, але і творчыя госці.
Запомнілася і экскурсія па тэматычнай выставе пад адкрытым небам, прысвечаная чвэрці стагоддзя ўтварэння Ляхавіцкага благачыння. Усе жадаючыя маглі паласавацца салдацкай кашай і іншымі прысмакамі.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.