У Ляхавіцкім раёне Дню маці і яго гераіням надаецца асаблівая ўвага

Васямнаццаты раз у Беларусі адзначалі цудоўнае і пяшчотнае свята – Дзень маці. У Ляхавіцкім раёне і святу, і яго гераіням заўсёды надаецца асаблівая ўвага. На працягу тыдня маці прымалі шчырыя віншаванні, чулі ў свой адрас словы ўдзячнасці, любві і павагі.
На пачатку кастрычніка ў аддзеле загса райвыканкама былі зарэгістраваны нараджэнні 8 хлопчыкаў і дзяўчынак – маленькіх жыхароў райцэнтра. Пятніца, 12 кастрычніка, стала важным днём для маладой сям’і Уладзіміра і Вольгі Дарашкевічаў. Яны атрымалі пасведчанне аб нараджэнні сыночка Рамана.
Сёлета ў раёне нарадзіліся 190 дзяцей. 76 жанчын упершыню спазналі радасць мацярынства. Для іх і для будучых маці супрацоўнікі аддзела загса з 10 па 15 кастрычніка праводзілі кансультацыі па пытаннях рэгістрацыі нараджэнняў, рэалізацыі правоў у галіне шлюбна-сямейных адносін.
Здароўе – галоўны складальнік шчаслівага мацярынства. Сустрэчы і кансультацыі па пытаннях аховы здароўя маці і дзіцяці, дзяўчат і жанчын прайшлі ва ўстановах аховы здароўя раёна.
Свой уклад у святочны настрой унеслі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі, арганізаваўшы арыгінальнае віншаванне тым, хто з пятніцы па нядзелю наведваў бібліятэку. Кожнаму чытачу – салодкі пачастунак і цёплыя словы пра матуль і матулям на кніжнай закладцы. Дарэчы, ў бібліятэках раёна прайшоў шэраг мерапрыемстваў пад назвай “Матулям і бабулям прысвячаецца”: аформлены кніжныя выставы, партрэтныя галерэі, праведзены літаратурна-музычныя кампазіцыі і вечарыны.
Ва ўстановах адукацыі раёна на працягу тыдня рабяты малявалі партрэты мам, рабілі для іх падарункі, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах. Раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр правёў для прыёмных маці конкурсна-забаўляльную праграму “Дзякуй, мамачка, за ўсё!”, падчас якой галоўныя дзеючыя асобы прадэманстравалі многія свае ўменні і якасці і вызначыліся самым галоўным – любоўю да дзяцей. Усім удзельнікам былі ўручаны падарункі ад раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа. Яна ж стала ініцыятарам акцыі “Паштоўка маме”. У самы галоўны дзень маці Беларусі – 14 кастрычніка – жанчыны з прыемным здзіўленнем і задавальненнем прымалі паштоўкі ад валанцёраў атрада “Данка” СШ № 2. Па словах кіраўніка атрада Нэлі Пастушак, уласнаручна зробленымі прыгожымі паштоўкамі школьнікі віншавалі мам і бабуль са святам.
У раёне пражывае 8 маці, чые сыны загінулі, выконваючы свой воінскі абавязак у мірны час. Гэтым жанчынам – асаблівая пашана і ўвага. Матэрыяльная дапамога ім выдаткавана са сродкаў раённага бюджэту.
Галоўнай жа падзеяй тэматычнага тыдня стала ўрачыстасць для ўсіх матуль раёна. У панядзелак прыгожыя, шчаслівыя і ўсхваляваныя яны спяшаліся ў ГДК, дзе сабраліся жанчыны розных узростаў і дзяўчаты, у якіх мацярынскае шчасце яшчэ наперадзе. У фае былі арганізаваны майстар-класы па ўпрыгожванні кандытарскіх вырабаў, стварэнні сувеніраў, цырульніцкім майстэрстве. А святочная праграма, падчас якой ушаноўвалі тых, чыё імя маці, падарыла мора непаўторных і незабыўных эмоцый, добры і ўзнёслы настрой.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *