Рыночная площадь в Ляховичах, где в воскресенье проводилась ярмарка, встречала гулом машин и гомоном людских голосов /фото/

Ф/г «Даманская» прывезла на кірмаш не толькі якасную, але і танную сельгаспрадукцыю

Усё  ж папулярныя кірмашы  ў нашых землякоў, а восеньскія асабліва. Выдатная магчымасць запасціся агароднінай, садавінай, дровамі і брыкетам, саломай, шмат чаго іншага купіць у руплівых гаспадароў ці сельгаспрадпрыемстваў. Таму мінулую суботу многія ляхавічане чакалі з нецярпеннем. На яе быў прызначаны першы ў раёне восеньскі кірмаш.

Пачынаўся ён у 8 гадзін раніцы, аднак, прадаўцы і пакупнікі прыходзілі і раней. На пачатку дзявятай гадзіны самыя зацікаўленыя ўжо вярталіся дадому з капустай, морквай ці бульбай.

Рыначная плошча, дзе праводзіўся кірмаш, сустрэла гулам машын і людскім гоманам. Не паспела пад’ехаць машына мясцовага льнозавода, як яе акружылі людзі. Зерне ячменю коштам 2 тысячы рублёў за кілаграм разышлося вельмі хутка. Такі “лёс” напаткаў і бульбу сорту “маг” з райаграсэрвісу – цана 2700 рублёў за кіло, напэўна, прыйшлася даспадобы  пакупнікам, бо да 9 гадзін раніцы ад прывезенай бульбы засталіся на машыне толькі шыльда з назвай і цаной. Жадаючыя вярнуцца дамоў з другім хлебам сумавалі нядоўга – пазней бульбу прадаваў і СВК “Ляхавіцкі”, праўда, на 50 рублёў за кілаграм  даражэйшую.

Пругкія качаны капусты (ад 2000 да 3000 руб/кг), моркву (ад 2000 да 2700 руб./кг), буракі сталовыя (1000-2000 руб./кг) прапаноўвалі пакупнікам фермерскія гаспадаркі “Улазавічы”, “Даманская”, “Машэй М. В.”.

Як і ў мінулыя гады, надзвычай запатрабаваным пакупнікамі аказалася зерне. Чарга стаяла каля машыны СВК “Шлях новы”: прадавалі пшаніцу, кукурузу, трыцікале. СВК “Жарабковічы” прапаноўваў ячмень і пшаніцу. Але зерня, на жаль, хапіла не ўсім жадаючым. Магчыма, на наступных кірмашах попыт усіх пакупнікоў будзе задаволены. Хутка знайшлі сваіх спажыўцоў і прама на машынах “паехалі” па адрасах дровы ад райпалівазбыту (прадпрыемства таксама прадавала і брыкет). Нямала было жадаючых купіць лясгасаўскі мёд па цане 92 000 рублёў за 1,34 кілаграма.

Знайшоў сваіх пакупнікоў і мёд з СВК «Ліпнянка».

ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” традыцыйна прывёз на кірмаш мінеральныя ўдабрэнні – попыт на іх пастаянны. Хаця адна з прадаўцоў а палове 9 гадзіны скардзілася на тое, што гандаль “не вельмі”, праз гадзіну ўсе прывезеныя мяхі былі рэалізаваны пакупнікам.

Сёлета Ляхавіччына не надта багатая на ўраджай яблыкаў. Таму і цана на іх, мякка кажучы, кусалася: ад 7 да 10 тысяч рублёў за кілаграм. Гандлявалі імі толькі райпо, фермерская гаспадарка Машэй”. А вось саджанцы прадавалі садаводы-аматары  не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і з Навагрудка.

Мыйныя сродкі і абутак прапаноўвалі прадпрыемствы райпо. Праўда, асартымент не багаты. Чаго не скажаш пра салодкія пачастункі і кандытарскія вырабы – яны былі на любы густ, аднак, як аказалася, не ў дастатковай колькасці. Затое, пашанцавала тым, хто прыйшоў на рыначную плошчу ў нядзелю: можна было купіць прысмакі ад Івацэвіцкага райпо: машына з кандытарскімі вырабамі прыязджае ў Ляхавічы кожную нядзелю на працягу апошняга месяца.

Які кірмаш без музыкі, песень і прыпевак? Народ весялілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

На жаль, у багатай на тавар ”бочцы мёду” не абышлося без лыжкі дзёгцю. Па-першае, як гаворыцца, “з носам” засталіся тыя, хто прыйшоў купіць на кірмаш свежае мяса. Не тут было: мясны павільён які ўжо месяц зачынены на рамонт. Мабыць, не надта спяшаецца райпо яго рамантаваць. Само застаецца ў “мінусе” – не атрымлівае грошай за арэнду. А мы, пакупнікі, застаёмся без права выбару: стацыянарныя кропкі раённага спажывецкага таварыства – адзіная прапанова. Дарэчы, якраз на гэтым тыдні мусульманскае свята Курбан-Байрам, і, мяркую, бараніна была б надзвычай запатрабаванай…

Багаты асартымент сельгаспрадукцыі ад Ляхавіцкага райпо.

Яшчэ адна непрыемная акалічнасць: пасля перапланіроўкі рыначнай плошчы ўезд і выезд на яе прадугледжаны з аднаго боку – гэта вельмі нязручна, як для аўтамабілістаў, так і для пешаходаў. Трэба было бачыць і чуць, колькі недарэчных сітуацый склалася па гэтай прычыне і колькі непрыемных слоў у адрас адзін аднаго казалі людзі. Ды і адзіны пешаходны пераход аказаўся тут яўна не да месца. Дарэчы, гэта нязручнасць датычыць і пасажыраў з аўтастанцыі.

З першага восеньскага кірмашу многія вярталіся дамоў з пакупкамі. Калі чагосьці не хапіла, ёсць шанц запасціся восеньскай сельгаспрадукцыяй на двух наступных кірмашах, якія запланаваны на 19 і 26 кастрычніка. Тым больш, што арганізатары, хочацца спадзявацца, убачылі, які тавар і ў якой колькасці патрэбен, каб задаволіць попыт гараджан.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *