БЫВАЙ, 2023! ПРЫВІТАННЕ, 2024! Землякі дзеляцца думкамі напярэдадні Новага года

Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ:

– 2023 год для мяне стаў багатым на падзеі. Многія звязаны са здабыткамі, абнаўленнямі, якія адбыліся ва ўстановах аховы здароўя раёна дзякуючы дзяржаўнаму клопату, падтрымцы абласной і раённай улады, прадпрыемстваў і арганізацый.
Бадай галоўная абноўка – камп’ютарны тамограф. Так, меліся пэўныя праблемы з яго работай, але і з гэтай сітуацыяй справіліся, і КТ прымае пацыентаў.
Амаль усе фельчарска-акушэрскія пункты Ляхавіччыны летась закранулі рамонтныя работы. Дзякуючы мэтанакіраванай кадравай палітыцы, якую праводзіць адміністрацыя ЦРБ, атрымалі, лічу, значны кадравы прыток маладых спецыялістаў.
Прыемны падарунак райбальніца атрымала і ў апошнія дні снежня. Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка ўручыў ключы ад новага спецаўтамабіля, які будзе выкарыстоўвацца для выезду
медыкаў па выкліках пацыентаў.
Лічу вялікім гонарам уступленне ў самую маладую партыю нашай краіны – «Белую Русь». Сакрэт папулярнасці партыі сярод беларусаў просты – яе членамі становяцца людзі, якім неабыякавы лёс сваёй Радзімы.
Жадаю ўсім, каб новы 2024 год быў спрыяльным, змястоўным, паспяховым. Усім землякам – моцнага здароўя, трываласці і спраўджаных мар.