Я – настаўнік! Педагагічны старт. Сёлета педагагічную сям’ю Ляхавіччыны папоўнілі дзесяць чалавек

Днямі маладыя спецыялісты прыбылі на свае першыя працоўныя месцы ва ўстановы адукацыі Ляхавіччыны.  Як расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік, сёлета педагагічную сям’ю папоўнілі дзесяць чалавек.

У СШ № 1 прыбылі адразу тры маладыя настаўнікі, з якіх два мясцовыя – Віялета Таранда і Кацярына Вашчук. Віялета – выпускніца СШ № 2, атрымала дыплом БарДУ і будзе вучыць рабят англійскай мове. Як і Ганна Ражабек, якая прыбыла ў Ляхавічы з Гродзеншчыны.
На прафесійны выбар Кацярыны Вашчук – настаўніка біялогіі і хіміі – у многім паўплывалі педагогі з яе роднай Навасёлкаўскай школы. Пасля было навучанне ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце
імя Янкі Купалы. Да работы малады спецыяліст прыступае з энтузіязмам і жаданнем.
– Хочацца хутчэй пазнаёміцца з дзецьмі, стаць кампетэнтным педагогам і добрым класным кіраўніком, – дзеліцца настаўніца Кацярына Вашчук. А пачатак у яе ўжо маецца. Малады спецыяліст тэмай дыпломнай работы выбрала эколага-геаграфічную характарыстыку фітапланктона ракі Ведзьмы і абараніла яе на выдатна, вынікова ўдзельнічала і ў шматлікіх міжнародных навукова-практычных канферэнцыях.
У Ліпскай СШ адразу два новыя настаўнікі – Яўгеній Дыдышка і Аляксандра Тагановіч. Яўгеній Дыдышка ў БарДУ набыў кваліфікацыю – «Географ-эколаг. Выкладчык». Жэню не палохае адлегласць ад Ляхавічаў да аграгарадка, куды ён дабіраецца аўтобусам. Адзначае, што школа спада-
балася, і зараз знаёміцца з інструктыўна-метадычнай літаратурай і нарматыўнымі дакументамі.
Аляксандра Тагановіч з 1 верасня будзе выкладаць рускую і беларускую мовы. Кадравае папаўненне і ў Крывошынскай СШ
імя Г. С. Здановіча – настаўнік нямецкай мовы Раман Кубрыкаў, у Тухавіцкай СШ – настаўнік англійскай мовы Алена Абрамовіч. Выпускнік Малагарадзішчанскай СШ
Сяргей Лешык вяртаецца ў родную школу ў статусе настаўніка хіміі і біялогіі. Першым месцам працы колішняй выпускніцы Конькаўскай СШ Яны Сакун стала Падлеская базавая
школа, яна педагог-псіхолаг.
У СШ № 2 прыйшоў пасля заканчэння каледжа ў Полацку інжынер-праграміст. З дзесяці маладых спецыялістаў сёлета два мэтавікі.
– Мэтавае накіраванне – адзін са спосабаў вырашэння кадравага пытання. У гэтым годзе яшчэ два нашыя выпускнікі паступілі ў вышэйшыя ўстановы адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. З атрыманнем дыплома яны вернуцца на Ляхавіччыну
на гарантаванае працоўнае месца. Гэта будуць настаўнік рускай мовы і літаратуры і малады спецыяліст з кваліфікацыяй «Педагог-псіхолаг. Педагог
сацыяльны», – падкрэслівае Таццяна Зубік.
Старшыня галіновага прафсаюза Людміла Буцько адзначае, што маладыя кадры на старце кар’еры маюць пэўную падтрымку. Сярод бонусаў – права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля,
дадатковы дзень да водпуску. Таксама для навічкоў прадугледжана павышэнне акладу (а гэта больш за 20 працэнтаў) на ўвесь перыяд статусу маладога спецыяліста, традыцыйныя пад’ёмныя, права на атрыманне льготнага крэдыту на спажывецкія патрэбы і на кампенсацыю сродкаў за найм жылля. У калектыўным дагаворы кожнай установы адукацыі сумесна з прафсаюзамі замацаваны нормы, накіраваныя на паляпшэнне матэрыяльнага становішча маладых спецыялістаў. У некаторых установах дакументам зацверджаны і пункт выплаты пэўнай матэрыяльнай дапамогі на ўладкаванне жыллёва-бытавых умоў.
Няхай педагагічны старт стане паспяховым!

Кацярына Вашчук і Віялета Таранда.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.