У школу з абноўкамі. Як на Ляхавіччыне рыхтуюцца да школы?

Падрыхтоўка да пачатку новага навучальнага года, без перабольшання, істотны іспыт для сямейнага бюджэту. Бацькі са стажам шляхам спробаў і памылак дакладна ведаюць, на чым можна сэканоміць, збіраючы дзіця, а то і некалькі, у школу ці дзіцячы садок, на якую дапамогу – дзяржаўную ці ад прадпрыемстваў і арганізацый – можна разлічваць.

Паспрабуем на прыкладзе адной сям’і паназіраць за працэсам збору
да 1 верасня.
У сям’і ляхавічан – двое дзяцей. У маці Ірыны ёсць правіла – планаванне ланцужка пакупак да новага навучальнага года. 
– Ніколі не купляю ўсё неабходнае адразу. Абавязкова параўноўваю цэны. Заўжды вывучаю прапанову на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, у інтэрнэт-магазінах. Тым больш дастаўка тавараў з іх сёння даволі зручная. У прыярытэце якасць. Тычыцца гэта як адзення, абутку, так і канцылярыі. Сшыткі, ручкі, алоўкі, вокладкі для кніг і сшыткаў, альбомы для малявання, фарбы і іншыя школьныя прылады набываю
на працягу навучальнага года. А вось адзенне і абутак купляем бліжэй да першага верасня. У жніўні з’ездзілі за пакупкамі ў Мінск і Баранавічы, набылі дачцэ, якая пойдзе ў другі клас, штаны
за 60 рублёў, шэсць пар калготак (цэны ад 8 да 15 рублёў за штуку), гольф (35 рублёў), спартыўны касцюм (95 рублёў), кеды (40 рублёў) –
усё беларускай вытворчасці. Увогуле ў выбары дзіцячага адзення і абутку аддаю перавагу менавіта айчынным вытворцам. Партфель нам падарылі, сарафан і сукенка засталіся з мінулага года. Што тычыцца канцылярыі, то ў асноўным купляю яе ў гандлёвай кропцы «Белбланкавыд» – справа зноў жа ў якасці. Падлічыла, што сёлетні збор дачкі ў школу «заважыць» прыкладна 600 рублёў. Дарэчы, у выбары літаральна ўсіх рэчаў дачка мае вызначальнае слова, без яе згоды амаль нічога не набываю. Сын стаў навучэнцам каледжа пасля заканчэння базавай школы, там ужо зусім іншыя расходы, – расказвае Ірына.
Дарэчы, па яе меркаванні, непасрэдна ў Ляхавічах можна без праблем набыць разнастайныя канцтавары. Шырокі асартымент прапануюць магазіны «Тры цаны», «Фікспрайс», «ХІТ», кіёскі «Белдрук», магазін «Белбланкавыд». Працуе школьны базар райпо на рыначнай
плошчы, спецыяльныя паліцы ўладкаваны і ў іншых крамах райпо і прыватных магазінах. Кошт, вытворцы, якасць –
самыя розныя, часта сустракаюцца і скідкі, акцыі, распрадажы, хапіла б толькі часу ўсё абысці і жадання ўсё выбраць.
На жаль, такога багатага выбару адзення і абутку ў Ляхавічах няма. Так, ёсць згаданы вышэй «Школьны базар». Праўда, асартымент не вылучаецца разнастайнасцю: некалькі відаў кашуль,
касцюмаў, сарафанаў, сукенак, аналагічна і пра абутак. Дарэчы, тое-сёе са школьных рэчаў ёсць шанц купіць у прадпрымальнікаў на рынку, у ГЦ «Этаж», у магазіне «Марк Фармэль». На
гэтым бадай і ўвесь пералік магазінаў са школьным асартыментам. Таму варыянт адправіцца за пакупкамі ў іншыя гарады даволі папулярны ў землякоў.

Як расказалі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, пытанне набыцця школьнай формы часткова вырашаецца цэнтралізавана. Так, у гімназіі, напрыклад, школьныя камізэлькі набываюцца ў
ААТ «Палессе», Тухавіцкая СШ камізэлькі для сваіх навучэнцаў набывае цэнтралізавана праз інтэрнэт-магазін. Такія элементы школьнай формы, як гальштукі, значкі і іншыя, установы адукацыі раёна набываюць таксама цэнтралізавана.

Збяром партфель разам
Вырашылі аб’яднаць намаганні і сабраць значны багаж усяго неабходнага для школы грамадскія аб’яднанні Ляхавіччыны.
– Прааналізавалі мінулагоднія акцыі, прымеркаваныя да пачатку новага навучальнага года і прынялі сумеснае рашэнне сабраць вялікі раённы партфель. Усе школьныя прылады, адзенне, абутак будуць перададзены ў мнагадзетныя, малазабяспечаныя сем’і –
туды, дзе такая дапамога найбольш неабходна. Да талакі далучыліся раённыя арганізацыі Беларускага саюза жанчын, «Белай Русі», БРСМ, Таварыства Чырвонага Крыжа, Фонду міру, – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга
Бурак.
Далучыцца да дабрачыннай справы і падарыць радасць хлопчыкам і дзяўчынкам падчас акцыі «Збяром партфель разам» можа кожны неабыякавы зямляк.
У магазінах «Разумны выбар», «Фікспрайс», «Тры цаны», «ХІТ», гандлёвай кропцы «Канцтавары» у
ГЦ «Этаж» усталяваны скрынкі для школьных тавараў. Любы жадаючы можа што-небудзь купіць і пакласці ў агульную скарбонку добрых спраў. Акрамя таго, у суботу на рыначнай плошчы райцэнтра каля павільёна райпо «Школьны базар» валанцёры БРСМ таксама будуць прымаць падарункі школьнікам ад ляхавічан.
З года ў год далучаюцца да агульнай дабрачыннай справы і прафсаюзы.
І сёлета ў Ляхавіцкім раёне школьныя прафсаюзныя партфелі будуць важкімі і змястоўнымі. Не застаюцца ў баку прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі вучняў школ. У многіх калектыўных дагаворах прадугледжаны пэўныя грашовыя выплаты на падрыхтоўку дзяцей у школу.
Нагадаем, што аднаразовую матэрыяльную падтрымку са сродкаў раённага бюджэту да 2023/2024 навучальнага года атрымаюць больш як 350 сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей і маюць статус мнагадзетных.

Галіна КАНЬКО.