Да вас спяшаецца лепшы паштальён. Сярод лепшых работнікаў паштовай сувязі краіны і наша зямлячка Таццяна Арцёмчык

І зноў на ўсю краіну годна прагучала прозвішча нашага земляка.
На гэты раз адрас паштовы. З 7 па 9 верасня на базе адпачынку
«Дружба» ў Астрашыцкім Гарадку прайшоў фінальны этап юбілейнага, XXV рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў аб’ектаў паштовай сувязі РУП «Белпошта». Мерапрыемства, у якім удзельнічалі пераможцы раённых і абласных этапаў у розных намінацыях, прайшло напярэдадні Сусветнага дня пошты і ў межах Года гістарычнай памяці. Дарэчы, тэма дамашняга задання ў камандным этапе – «Паштавікі на варце гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі». Акрамя таго, удзельнікі-дружыны прадаставілі прэзентацыю «Альбом гістарычнай памяці», прысвечаную воінам-паштавікам.

Барацьба за перамогу ў конкурсе прафмайстэрства ішла сярод паштальёнаў па дастаўцы паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, спецыялістаў па паштовай дзейнасці і начальнікаў аб’ектаў паштовай сувязі.
Брэсцкая дэлегацыя была надзвычай прадстаўнічай і мела, у тым ліку, ляхавіцкі адрас. Сярод 42 калег з розных рэгіёнаў у сваёй намінацыі абараняла гонар Брэстчыны і змагалася за перамогу паштальён Ляхавіцкага аддзялення паштовай сувязі № 2 Баранавіцкага РВПС Таццяна Арцёмчык, якая стала сёлетняй пераможцай абласнога этапу.
У прафесійным плане 2022 год для Таццяны юбілейны. Два дзесяцігоддзі назад выпускніца Брэсцкага паштовага прафесійна-тэхнічнага вучылішча размеркавалася на сваю малую радзіму – Ляхавіччыну – і пачала курсіраваць літаральна па ўсім раёне ў розных аддзяленнях паштовай сувязі.
– Спачатку была падменнай, працавала ў Жарабковічах, Мінічах, Свяціцы, Ліпску, Падлессі, Тальмінавічах і ў многіх іншых вёсках, дзе дзейнічалі аддзяленні паштовай сувязі. Хоць і цяжка было, але цікава, бо работа з людзьмі не можа надакучыць. Раней усё выконвалася ўручную, цяпер у многім камп’ютарызавана, адзін «мабільны паштальён» чаго варты! А вось газет, часопісаў тады выпісвалася значна больш і па колькасці, і па разнастайнасці. Цяпер самыя папулярныя ў землякоў – «Ляхавіцкі веснік» і «СБ – Беларусь сегодня», – гаворыць Таццяна Арцёмчык.
З 1998 года раз’ездаў у супрацоўніка ГАС-2 Таццяны Арцёмчык стала значна менш, яна працавала ў асноўным у горадзе і не толькі паштальёнам, на працягу некалькіх гадоў – у гандлёвым аддзеле Ляхавіцкага РВПС.
І незалежна ад выконваемых абавязкаў і месца працы,
Таццяна Іванаўна чула толькі словы падзякі за ўважлівасць, шчырасць, дабрыню ад пакупнікоў, кліентаў, адрасатаў.
– Выдатны работнік, прафесіянал сваёй справы. Таццяна
Арцёмчык – прыклад удалага спалучэння прафесійных і чалавечых якасцей. Яна не толькі выдатна – хутка і якасна – спраўляецца з функцыямі паштальёна, але і лёгка знаходзіць кантакт са шматлікімі адрасатамі. Яе надзвычай паважаюць у калектыве. З лёгкасцю выконвае пастаўленыя задачы. Якую б справу ёй ні даручылі, заўжды спраўляецца, – адзначае намеснік начальніка Баранавіцкага РВПС Вольга Борыс.
Вось ужо восем гадоў, як зонай адказнасці паштальёна Таццяны Арцёмчык з’яўляюцца вуліца Інтэрнацыянальная ў райцэнтры і вёска Вялікая Лотва. Пяць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі і панядзелка, з поўнай сумкай карэспандэнцыі і спадарожных тавараў спяшаецца яна па гарадскіх і сельскіх адрасах.

ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў ГАЗЕЦЕ «ЛЯХАВІЦКІ  ВЕСНІК»  у НУМАРЫ 71 за 17 верасня