Рэвакцынацыя прыходзіць да вас. У Ляхавіцкім раёне, як і ў ва ўсёй краіне, актыўна ідзе прышчэпачная кампанія

Каранавірус зноў не толькі на слыху, але і займае адну з лідзіруючых пазіцый у структуры захворванняў.

Зараз у Ляхавіцкім раёне, як і ў ва ўсёй краіне, актыўна ідзе прышчэпачная кампанія: насельніцтва рэвакцынуецца супраць COVID-19. Прычым землякі ідуць за прышчэпкай не толькі ва ўстановы аховы здароўя, але і робяць яе, лічы, на працоўным месцы. У мінулы чацвер выязная брыгада медыкаў Ляхавіцкай ЦРБ працавала ў будынку райвыканкама.
– Яшчэ з сярэдзіны лета пачалі, як і раней, практыкаваць выезды на прадпрыемствы і ў арганізацыі для правядзення вакцынацыі.
У асноўным уводзім бустэрную вакцыну.
У мяне адназначная пазіцыя: неабходна вакцынавацца. Лепшага спосабу абароны ад кавіда не існуе. COVID-19 пакуль нікуды не дзеўся, з’яўляюцца ўсё новыя яго штамы. Цяпер ідзе ўсплёск, асабліва хварэюць дзеці, што звязана з пачаткам школьных заняткаў. Адчувальны рост каранавірусных хворых і сярод дарослых. Каб не трапіць у іх колькасць – прышчапляйцеся, – гаворыць загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Ляхавіцкай ЦРБ Яўгеній Мудрагелаў.
На заклік медыкаў прайсці рэвакцынацыю адгукнуліся больш за 20 работнікаў розных падраздзяленняў з райвыканкама і іншых арганізацый.
– Перахварэла кавідам у цяжкай форме яшчэ ў 2020 годзе. Таму, як толькі з’явілася магчымасць вакцынавацца, адразу ёю скарысталася. Гэта ўжо мая трэцяя прышчэпка. Шмат падарожнічаю, акрамя таго, мая работа звязана з людзьмі – пажылымі, інвалідамі.
Каб засцерагчы сябе і іншых, раблю прышчэпку, – гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Ланкуць.
– Сёння зрабіў бустэрную, а ўвогуле гэта ў мяне чацвёртая прышчэпка. Лічу, што дзякуючы вакцынацыі ні я, ні мая сям’я не хварэлі кавідам. Трэба слухаць парады медыкаў, якія рэкамендуюць прышчапіцца, – сцвярджае галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксей Навіцкі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Як паведамілі ў райЦГіЭ, па стане на 22 верасня, 9347 жыхароў раёна атрымалі бустэрную вакцыну, гэта 58 працэнтаў тых, хто прайшоў першасную вакцынацыю.