Народы з адзінствам роднай душы. У Іркуцкай вобласці ў братэрскай Расіі прайшоў тыдзень беларускай культуры. Сярод удзельнікаў — і ляхавічане

Дзень народнага адзінства – гэта і адзінства беларусаў у любві да Радзімы і яе традыцый, у тым ліку і за мяжой.
З 16 па 20 верасня ў Іркуцкай вобласці ў братэрскай Расіі прайшоў тыдзень беларускай культуры. І сярод тых, хто з беларускага боку прымаў удзел у такім культурным супрацоўніцтве дзвюх краін, – дырэктар Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Лутавінава.

Беларуская музычная прастора гістарычна багатая, унікальная і мае свае асаблівасці, уласцівыя толькі самай мілагучнай мове на планеце. Беларускія прыпеўкі, што гучаць на самых важных сямейных святах і падзеях беларусаў, прагучалі гэтымі днямі і ў Іркуцкай вобласці. Тутэйшыя жыхары адчулі, што музычная беларуская мова так прыгожа кладзецца на мелодыю, так прыгожа гучыць і закранае да глыбіні душы.
– Менталітэт народа праяўляецца ў многіх паўсядзённых рэчах, так і ў культуры, у кожнага народа свая манера выканання песень, свая тэхніка, калі так можна сказаць. Напрыклад, у Іркуцкай вобласці распаўсюджана грудная манера вакалізацыі. А вось для беларусаў уласціва камбінаванае выкананне. Таму з расійскімі студэнтамі мы адпрацоўвалі лёгкасць гучання і тую самую беларускую напеўнасць, –
расказвае Марыя Лутавінава.
Яшчэ адным прыемным сюжэтам у рамках тыдня бела-
рускай культуры стаў першы міжнародны беларускі фестываль «Багач» у Іркуцкай вобласці, які прайшоў у Дзень народнага адзінства Беларусі.
Беларускае свята «Багач» – свята восені, што прысвечана збору ўраджаю. І тыя традыцыі, песні, найгрышы, прыпеўкі, што так ашчадна беларусы перадавалі з пакалення ў пакаленне, гучалі-дэманстраваліся ў Расіі.
– Сапраўды, у жыхароў Іркуцкай вобласці атрымалася перадаць нашу родную беларускую атмасферу. Мы чарговы раз даказалі, што нашы народы здолелі перажыць усе нягоды, зберагчы адзінства традыцый і культуру народаў. А для суайчыннікаў за мяжой – гэта магчымасць быць у еднасці з землякамі, – дзеліцца Марыя.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.