«Расток» цягнецца да працы. Лагер працы і адпачынку «Авантаж» працуе ў СШ № 1 г. Ляхавічы

Працоўная кніжка і ўласна заробленыя грошы, насычаны адпачынак, трохразовае харчаванне і мора станоўчых эмоцый – гэта пра лагер працы і адпачынку «Авантаж» СШ № 1, які адкрыўся 5 чэрвеня.

Дзесяць старшакласнікаў праца-ўладкаваны на 18 дзён рабочымі зялёнага будаўніцтва ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Пакуль у іх абавязках – падмесці вуліцы і ачысціць тратуары ад травы. Хлопчыкі і дзяўчынкі настроены на працу па-бадзёраму і рады ўнесці свой уклад у знешні выгляд горада. У распарадку другой паловы дня – разнастайныя мерапрыемствы, акцыі і экскурсіі. Кожны дзень атрада «Расток» мае асобную тэму і дэвіз. Напрыклад, 8 чэрвеня прайшло пад заклікам «Ствараючы, мы ствараем сябе!». Пасля некалькіх гадзін працы камунальнікі арганізавалі прафарыентацыйную экскурсію па аб’ектах прадпрыемства.
Лагер працы і адпачынку «прапісаны» ў СШ № 1 ужо гадоў дзесяць, мае вопыт па карыснай і цікавай арганізацыі занятасці дзяцей. Дырэктар лагера Вікторыя Біза падкрэслівае, што галоўнае для іх – інтарэсы рабят, іх бяспека і цудоўны настрой.
У другой палове чэрвеня на вахту заступяць лагеры працы і адпачынку ў Ліпскай і Навасёлкаўскай СШ. Іх куратар –
упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Рабяты зоймуцца добраўпарадкаваннем школьных тэрыторый, добрай матывацыяй да якаснай працы стане і заработная плата.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.