З павагай да ветэрана. Напярэдадні Дня пажылых людзей, Дня настаўніка да шаноўнага ветэрана з Ляхавіцкага раёна завіталі госці

Яны – наш гонар, ім – наша пашана. Усё менш і менш становіцца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія заваявалі мір і вярнулі незалежнасць нашай краіне. Важна ахапіць іх клопатам і шчырасцю, увагай і пяшчотай. Гэта самае малое, што можам зрабіць мы, нашчадкі салдатаў-пераможцаў, салдатаў-вызваліцеляў.

Ветэран-герой, цудоўны настаўнік, дарагі наш пажылы чалавек!
Ён прайшоў доўгімі вёрстамі вайны, стаў на доўгія гады сябрам, дарадчыкам, лепшым сейбітам разумнага, добрага, вечнага для соцень вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння 98-гадовы Уладзімір Пракапенка жыве ў Ганчарах, заўжды рады гасцям.
Напярэдадні Дня пажылых людзей, Дня настаўніка да шаноўнага ветэрана з падарункамі і віншаваннямі завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Буцько, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.
– Як заўжды, сустрэча з Уладзімірам Васільевічам выклікае шмат станоўчых эмоцый, настолькі ён пазітыўны і шчыры чалавек. Яго расказы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны хвалюючыя і запамінальныя. І якой радасцю свецяцца вочы шаноўнага чалавека, калі ён расказвае пра школу і вучняў.
У нашай краіне клопат пра людзей сталага ўзросту – задача дзяржаўнай важнасці. А яшчэ гэта даніна павагі ад кожнага з пакалення маладых тым, хто вызваляў краіну ад ворага, аднаўляў разбураную вайной народную гаспадарку, працаваў, не шкадуючы сіл і здароўя, для росквіту Беларусі, шчаслівага і мірнага жыцця для будучых пакаленняў, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.