Асенняя сесія. Чарговая сесія Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў праходзіла ў фармаце выязнога пасяджэння

Чарговая сесія Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў праходзіла ў фармаце выязнога пасяджэння. Акрамя дэпутатаў, да ўдзелу ў форуме былі запрошаны члены райвыканкама, старшыні сельсаветаў, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, раённых службаў і арганізацый.

ІНВЕСТЫЦЫІ І ІНАВАЦЫІ
Перш чым прыступіць да пакрокавага вывучэння, абмеркавання і фінішнай ацэнкі работы, што праводзіцца Конькаўскім сельскім Саветам дэпутатаў сумесна з зацікаўленымі службамі па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, сесія ўнесла змены ў некаторыя са сваіх ранейшых рашэнняў. У пленарным пасяджэнні была таксама заслухана, прынята і зацверджана Інвестыцыйная праграма Ляхавіцкага раёна на 2022 год. Яна распрацавана з мэтай эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання сродкаў раённага бюджэту і іншых крыніц фінансавання, што ў якасці інвестыцый накіроўваюцца ў асноўны капітал. Асноўнымі мэтамі праграмы з’яўляюцца развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнай і сферы жыллёва-камунальных паслуг, сельскагаспадарчай галіны. Яе асноўны пасыл заключаецца ў максімальна эфектыўным выкарыстанні сродкаў раённага бюджэту і іншых незабароненых заканадаўствам краіны крыніц фінансавання, першачарговасці іх выкарыстання на мэты ўводу ў эксплуа-
тацыю аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой высокую ступень будаўнічай гатоўнасці. Мяркуецца, што ў поўным аб’ёме праграма, пад дзеянне якой трапілі чатыры аб’екты, будзе рэлізавана ў перыяд з 2022 па 2024 год. Аднак ужо да канца бягучага года абяцана падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю будынка былой Тальмінавіцкай сярэдняй школы пад аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, а таксама размешчанага непадалёку ад вёскі Мазуркі помніка воінскай доблесці «Курган Вечнай Славы».
А вось рэканструкцыю часткі першага паверха былога радзільнага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ пад магчымасці размяшчэння апарата камп’ютарнай тамаграфіі; будаўніцтва вонкавага асвятлення па вуліцы Арлоўскага і святлафорнага аб’екта на скрыжаванні названай і вуліцы Леніна ў раённым цэнтры плануецца завяршыць ужо да канца бягучага года. На распрацоўку праектных рашэнняў у першых двух выпадках і будаўніцтва ў другім і трэцім сукупна выдаткавана амаль 780 тысяч рублёў са сродкаў пераважна раённага бюджэту. Толькі ў адносінах праекта на рэканструкцыю Кургана Славы, як мяркуецца, могуць быць выкарыстаны іншыя незабароненыя заканадаўствам крыніцы фінансавання.

Два з трынаццаці
У склад Конькаўскага сельсавета, праінфармаваў выконваючы абавязкі яго старшыні Мікалай Прыхач, уваходзіць 13 населеных пунктаў.
З іх два аграгарадкі – Конькі і Дарава. Асобныя лакацыі і некаторыя з аб’ектаў аграгарадскога сацкультбыту ўдзельнікі сесіі праманіторылі «на нагах».
Спачатку Конькі: пасля агляднага аўтатура, быў прыпынак і наведванне крамы райпо, размешчаных на блізкіх тэрыторыях сажалкі і малочнатаварнай фермы «Сакуны» ААТ «Шлях новы». Сажалка, дарэчы, носіць назву Кудзёрка і параўнальна нядаўна таксама належала названаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству. Зараз водны аб’ект арандуецца прыватнай структурай. Кажуць, што ў пэўныя дні ад рыбакоў тут няма дзе яблыку ўпасці.
МТФ «Сакуны» адносіцца да разраду жывёлагадоўчых аб’ектаў сучаснага тыпу. Абсталявана дзвюма даільнымі заламі – для асноўнага статка і кароў у перыяд раздою. На даны момант на ферме ўтрымліваецца 690 кароў і 90 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Гэтага немалога ўвогуле статка догляд ажыццяўляюць менш як два дзясяткі чалавек. Як расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Коктыш, раней на ферме востра стаяла праблема з падзяжом жывёлы. Аднак ужо тры-чатыры месяцы такой праблемы не існуе – усё ў гэтым плане стабілізавалася. Адзначаецца і дынаміка па надоях: сёння ад кожнай каровы тут атрымліваюць на два кілаграмы малака больш, чым летась.
Конькаўскі сцэнарый сесіі прынцыпова паўтарыўся і ў Дараве. Былі наведаны мясцовыя Дом рамёстваў, урачэбная амбулаторыя, дзіцячая школа мастацтваў.
Але спачатку была школа – Дараўская сярэдняя. Яшчэ нядаўна ДС – СШ, са зменай назвы напярэдадні бягучага навучальна года свой комплексны функцыянал школа поўнасцю захавала. Наведваюць яе і дашкольнікі, і вучні з першага па дзявяты клас. У гэтым навучальным годзе ў Дараўскай СШ дзясятых і адзінаццатых класаў няма: атрымаўшы пасведчанне аб базавай адукацыі, юнакі і дзяўчаты паступаюць і працягваюць навучанне ў прафесійна-тэхнічных ліцэяй, сярэдніх спецыяльных навучальных установах.
Школу наведваюць не толькі юныя аграгараджане, але і іх аднакласнікі з вёсак Літвы, Лабузы, Малое Падлессе, Дарава-Чыж. Усяго 92 выхаванцы, з якіх 62 «знаходзяцца на падвозе». Каля паловы дараўскіх школьнікаў і не толькі – іх бацькі, настаўнікі – з’яўляюцца зацікаўленымі наведвальнікамі створанага ў сценах установы раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні. У цэнтры вучні ў працяг агульнавыхаваўчага працэсу атрымліваюць уяўленне, набываюць веды аб праваслаўі, знаёмяцца з гісторыяй рэлігіі.
Свой выезд сесія завяршыла пленарным пасяджэннем у Дараўскім СДК.
Сваім рашэннем Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў прызнаў работу Конькаўскага сельскага Савета дэпутатаў па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі здавальняючай. Пры гэтым асабліва быў адзначаны станоўчы вопыт сельсавета па продажы з аўкцыёну ў прыватную ўласнасць зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. У раёне адзін такі сельсавет.
У той жа час дарогі сельсавета з’яўляюцца аднымі з горшых у раёне.
– Па дарогах неабходна яшчэ раз усё паглядзець, прааналізаваць. Пагутарыць з дарожнікамі і пачаць паступова рухацца ў накірунку іх паляпшэння, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.