Дастойны старт у прафесію. Ляхавіцкі аграрны каледж адзначыў 65-годдзе

Навучэнцы і выкладчыкі, супрацоўнікі каледжа, шматлікія госці, шчырыя віншаванні і пажаданні, узнагароды рознага ўзроўню, дружныя апладысменты і ўсё ў аздабленні песенна-ўрачыстай атмасферы – так праходзіла святкаванне 65-гадовага юбілею Ляхавіцкага аграрнага каледжа – структурнага падраздзялення БарДУ.
Са значнай датай калектыў каледжа павіншаваў кандыдат педагагічных навук, дацэнт, рэктар універсітэта Аляксандр Унсовіч і зачытаў прывітальны адрас міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца. У прыватнасці, у ім адзначана, што Ляхавіцкі аграрны каледж сёння – сучасная ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі, цалкам адпавядае запытам спажыўцоў і выпускае запатрабаваных спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі.

Больш фота тут

Выкладчыкам і супрацоўнікам каледжа Тамары Юргель, Наталлі Вярбіла, Мікалаю Краўчуку, Таццяне Капыток, Аркадзію Давідоўскаму, Алене Буйкевіч, Аксане Жук і Вользе Азарчык уручаны граматы і падзякі ўніверсітэта.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз шчыра вітаў юбіляраў, пажадаў здароўя і мірнага неба, прымнажаць і шанаваць традыцыі, выхоўваць маладое пакаленне патрыётамі сваёй Радзімы.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч адзначыў: мы ведаем цудоўных спецыялістаў сваёй справы, якія працуюць у сельскай гаспадарцы краіны і іншых галінах эканомікі, і сярод іх нямала выпускнікоў Ляхавіцкага каледжа. А іх за шэсць з паловай дзясяткай гадоў ва ўстанове падрыхтавана больш за 15 тысяч.
Колькім з іх дыпломы і наказы ў прафесійнае жыццё даваў Вячаслаў Сельмановіч – дырэктар установы ў перыяд з 1995 па 2013 гады, а зараз намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Каледж у маім сэрцы назаўсёды, яго лёс – мой лёс, адзначыў Вячаслаў Сельмановіч і падкрэсліў, што каледж шмат гадоў працягвае добрыя традыцыі і займае дастойнае месца ў аграрнай адукацыі.
Дзень нараджэння – цудоўная нагода не толькі для таго, каб азірнуцца назад, падвесці вынікі дзейнасці, але і адрасаваць словы ўдзячнасці тым, хто плённа працуе і забяспечвае высокую якасць адукацыйнага працэсу, прымае актыўны ўдзел у навукова-метадычнай рабоце, фарміруе пазітыўны імідж каледжа. Ім – узнагароды і гонар. Падзякі абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ўдастоены Ірына Дубікоўская, Аксана Бурчыц і Алена Паўлава. А навучэнка чацвёртага курса Крысціна Салаўёва заахвочана прафсаюзнай выплатай за актыўны ўдзел у дзейнасці прафсаюзнай пярвічкі і высокія дасягненні ў вучэбнай, навуковай і грамадскай дзейнасці.
Старшыня галіновай пярвічкі Ірына Дубікоўская далучылася да агульных віншаванняў і ўручыла граматы супрацоўнікам каледжа. Дарэчы, сярод узнагароджаных на абласным урачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню настаўніка, і дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік, якая адзначана Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога камітэта Бела-
рускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко разам з віншваннямі падарыў выданне «Новы запавет» на беларускай мове.
Пераемнасць пакаленняў – і гэтым можа пахваліцца наш каледж. Эстафета традыцый перадаецца ад выкладчыкаў навучэнцам.
А галоўнымі захавальнікамі іх разам з калектывам з’яўляюцца ветэраны ўстановы. Старшыня ветэранскай арганізацыі кале-
джа Аляксандра Матчэня падзялілася шчымлівымі ўспамінамі біяграфіі, дзе асаблівае месца займае ветэрынарны тэхнікум, выпускніцай якога, а пасля лабарантам яна была. Паважаным ветэранам – кветкі і салодкія пачастункі.
Адметнасць установы ў тым, што яна стала месцам працы для многіх сваіх выпускнікоў – а іх практычна палова ад усяго калектыву. У святочнай зале менавіта ў іх гонар гучалі дружныя апладысменты. Цудоўна, што ў каледжы не толькі даюць практычныя веды і ўменні, але і раскрываюць творчыя здольнасці. Сярод таленавітых і выпускнікі розных гадоў Андрэй Цямчык, Аляксандр Гуліцкі, Вольга Цімошак, якія выканалі цудоўныя музычныя нумары. Іх падарылі і народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня», і самадзейны творчы калектыў БарДУ…
Каледж – дастойны старт, сцвярджэнне ад сённяшніх навучэнцаў выказаў лідар пярвічкі БРСМ Павел Мацюшэнка.
Да сустрэчы праз пяць гадоў – дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік назначыла час чарговай юбілейнай урачыстасці і шчыра падзякавала каледжскай сям’і за штодзённы ўклад у развіццё ўстановы, за яе аўтарытэт сярод іншых навучальных устаноў Брэстчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.