Заканчивается октябрь, а на полях многих сельхозпредприятий Ляховичского района летний рисунок: в кузов автомобиля сыплется поток зерна кукурузы

І за гэта хлебароб удзячны прыродзе, якая сёлета падарыла такую прыгожую, цёплую і спрыяльную восень.

Як паведаміў галоўны спецыяліст па корманарыхтоўках райсельгасхарчу Ігар Яварчук, у цэлым, уборачныя работы сёлета зацягнуліся. У раёне быў пасеяны 1741 гектар кукурузы на зерне і 4115 гектараў – на сілас, убрана, адпаведна, 88 і 89 працэнтаў. СВК “Жарабковічы” павялічыў уборачныя плошчы на зерне: пры ўраджайнасці 128 цэнтнераў з гектара (самая высокая ў раёне), на 417 гектарах кукурузныя пачаткі абмалочаны на зерне. Усяго тут пад гэтай культурай 1520 гектараў, убрана 1380. Тэмпы ўборачных работ пакідаюць чакаць лепшага.

Вельмі марудна, па 10 гектараў у дзень, жнуць кукурузу ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. З пасеяных 820 гектараў засталося 280. З-за таго, што мала нарыхтавана кармоў, увесь ураджай ідзе на закладку сіласу. Нізкія ўборачныя тэмпы, па словах Ігара Яварчука, абумоўлены тым, што ў сельгаспрадпрыемстве не хапае тэхнікі, праблема з кадрамі механізатараў. Гэта пры тым, што яшчэ нядаўна райаграсэрвіс меў механізаваныя атрады, якія гатовы былі прыйсці на дапамогу іншым гаспадаркам.

Яшчэ адзін з сельгаскааператываў, якія маюць найбольшыя пасевы кукурузы, – “Шлях новы” з яго 1060 “кукурузнымі” гектарамі. На зерне вырошчвалі на 180 гектарах, астатні ўраджай (104 цэнтнеры з гектара) пушчаны на ўмацаванне кармавой базы – закладваецца сілас. Справіліся з уборкай гэтай культуры і ў СВК “Ляхавіцкі”.

Няма з гэтай нагоды асаблівага клопату ў СВК “Ліпнянка”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”. Вясной тут упусцілі тэрміны сяўбы кукурузы, затое… няма чаго ўбіраць. Кармавыя запасы ў гэтых сельгаскааператывах мізэрныя, і праблем з зімоўкай грамадскага статка, зразумела, не пазбегнуць.

6 раёнаў вобласці завяршылі ўборку кукурузы на сілас, 4 – на зерне. На гэтым фоне Ляхавіччына ў ліку адстаючых. І гэта ж не адзіная праблема. Уборку буракоў, ільну, уздым зябліва ніхто не адмяняў.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *