Свая паштовая гісторыя. У Сусветны дзень пошты сваёй паштовай гісторыяй з «ЛВ» падзялілася начальнік аддзялення паштовай сувязі «Альхоўцы»

У эпоху сярэднявечча рыцары пісалі каханым пісьмы з прызнаннямі і пасылалі іх, прывязаўшы да лапак спецыяльна навучаных галубоў. Ролю веснікаў выконвалі таксама і сабакі, якія, ідучы па следзе, прыносілі пісьмы неабходным адрасатам. А своечасовае прыбыццё ганцоў-коннікаў магло паўплываць на вырашэнне важных дзяржаўных спраў і нават ход гісторыі. Усё гэта па праве можна аднесці да розных этапаў станаўлення паштовай службы.


Сённяшняя пошта выкарыстоўвае літаральна ўсе віды транспарту для перадачы важнай інфармацыі, пасылак, грузаў – усё для зручнасці сучаснага чалавека. Паштовыя маршруты пралягаюць па ўсім свеце, злучаючы яго розныя кропкі, адпраўшчыкаў і адрасатаў. Каб адзначыць важнасць і неабходнасць працы ўсіх лю-дзей, якія задзейнічаны ў такіх бесперабойна працуючых звёнах ланцужка паштовых паслуг, амаль у двухстах краінах свету
9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты.
– Беларуская пошта знаходзіцца ў пастаянным развіцці, удасканальваючы традыцыйныя паслугі і распрацоўваючы новыя, штодня пацвярджаючы свой дэвіз «Хуткасць, надзейнасць, даступнасць». Па-ранейшаму яе асноўныя арыенціры –
павышэнне якасці паслуг і паляпшэнне ўзроўню абслугоўвання кліентаў, – адзна-чае намеснік начальніка Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Вольга Борыс.
На такіх прынцыпах заснавана і работа ляхавіцкіх паштавікоў. Сёння з чытачамі «ЛВ» сваёй паштовай гісторыяй дзеліцца начальнік аддзялення паштовай сувязі «Альхоўцы» Святлана Керымава:
– У прафесіі я 32 гады, і ўвесь гэты час працую менавіта на Ляхавіччыне. Пачынала ў гарадскім аддзяленні сувязі, дзе маім настаўнікам была Тамара Булатая, якая многаму навучыла. Потым некалькі гадоў працавала падменнай на многіх аддзяленнях. І самыя незабыўныя, напоўненыя штодзённымі падзеямі і сустрэчамі з вялікай колькасцю людзей 27 гадоў працоўнай дзейнасці звязаны з аддзяленнем паштовай сувязі «Малое Гарадзішча». Спачатку там былі замацаваны тры паштальёны, потым у сувязі са змяншэннем колькасці насельніцтва – два, а апошнія 10 гадоў застаўся толькі адзін – Ніна Кулак – вопытная, адказная, добразычлівая. Тры месяцы, як працую ў Альхоўцах: у першай палове дня абслугоўваю землякоў непасрэдна ў аддзяленні, у другой – паштальёнам. Мае абавязкі – прыём аплаты за камунальныя паслугі, афармленне пераводаў і падпіскі. Трэба разнесці газеты і часопісы, паштоўкі і пісьмы, даставіць пенсіі і заказаныя прадукты і тавары, так што выконваю і ролю прадаўца.
Люблю сваю работу, бо яе аснова – зносіны з людзьмі, а гэта не можа надакучыць. І ў Малым Гарадзішчы, і ў Альхоўцах людзі добразычлівыя, уважлівыя. Стараюся, каб кожны, хто карыстаецца паштовымі паслугамі, застаўся задаволеным і якасцю паслуг, і іх разнастайнасцю. Нягледзячы на ўсё больш шырокае распаўсюджанне інтэрнэт-рэсурсаў, землякі актыўна адгукаюцца і на прапанову падпісацца на газеты, самая папулярная – «Ляхавіцкі веснік».
Галоўнымі ў паштовай рабоце лічу мабільнасць, уменне знайсці падыход да кожнага кліента, уважлівасць да запытаў людзей і жаданне ім дапамагчы.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.