В минувшую среду в Ляховичском районе состоялось очередное перезахоронение воинов русской армии, погибших в годы Первой мировой войны

На палях Першай сусветнай змагаліся 74 мільёны салдат і афіцэраў з 38 краін свету. На яе рахунку больш за 10 мільёнаў загінуўшых, 20 мільёнаў параненых. Па сваіх маштабах, людскіх стратах, сацыяльна-эканамічных наступствах Першая сусветная вайна не мела роўных ва ўсёй папярэдняй гісторыі.

28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі, а 1 жніўня Германія – Расіі. І пачалося больш чым 4-гадовае ваеннае супрацьстаянне дзвюх кааліцый: з аднаго боку дзяржаў Траістага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя), да якога потым далучылася Балгарыя, і Антанты (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, саюзнікамі якіх выступілі Сербія, Японія, Італія, Румынія, ЗША – усяго 34 краіны). Вайна стала сапраўды сусветнай, у ёй удзельнічалі краіны амаль усіх кантынентаў, у тым ліку Гватэмала, Нікарагуа, Гаіці, Коста-Рыка, Перу, Ліберыя, Куба, Панама, Кітай, Эквадор і іншыя. 11 лістапада 1918 года заключэннем Камп’енскага перамір’я была, нарэшце, пастаўлена фінальная кропка ў той вайне.

Летам 1915 года Першая сусветная вайна прыйшла на тэрыторыю сучаснай Беларусі. І затрымалася тут больш чым на 2 гады. Лінія фронту працягнулася па беларускіх землях з поўначы на поўдзень амаль на 400 кіламетраў – праз цяперашнія Віцебскую, Гродзенскую, Мінскую, Брэсцкую вобласці. Каля 3,5 мільёна чалавек апынуліся пад акупацыяй, 1,5 мільёна сталі бежанцамі, каля мільёна былі прызваны ў армію (мабілізацыя закранула кожнага другога мужчыну). Менавіта тут прайшлі значныя баявыя аперацыі, у тым ліку і на ляхавіцкай зямлі: наступленне расійскіх войскаў летам 1916 г. пад Баранавічамі.

За гады вайны ўздоўж лініі фронту былі ўзведзены сотні кіламетраў баявых умацаванняў – дотаў, дзотаў, многія з якіх, няхай і ў разбураным стане, захаваліся да нашых дзён. Сёння пра падзеі таго часу нагадваюць кіламетры зарослых акопаў, дзясяткі салдацкіх могілак – толькі ў Брэсцкай вобласці – больш як 50 пахаванняў.

Пачынаючы з 1995 года на тэрыторыі Беларусі дзейнічае 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Асноўная яго задача – раскопкі, увекавечванне памяці абаронцаў Айчыны і ваенных ахвяр. З таго часу ваеннаслужачыя батальёна знайшлі астанкі тысяч воінаў, 893 – на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Інфармацыя пра магчымыя месцы пахавання ў большасці выпадкаў атрымана ад мясцовых жыхароў.

5 гадоў таму ў сярэдзіне верасня байцы батальёна пачалі працаваць на Ляхавіччыне. У зону іх увагі трапіла прыдарожная паласа паабапал аўтадарогі Ляхавічы-Баранавічы каля вёскі Вялікая Лотва. Тады месца пахавання паказаў мясцовы жыхар Аляксандр Ракуць. Праз некалькі тыдняў, зноў жа па інфармацыі тутэйшых жыхароў, на тэрыторыі пранчакоўскіх могілак былі праведзены раскопкі на месцы пахавання часоў Першай сусветнай вайны. Знойдзены астанкі трох салдат рускай арміі. Па рэчах пахаваных – нацельны крыжык, 3 медальёны, сярэбраны знак “Салдацкага Георгія” – спецыялісты пасля экспертыз зрабілі выснову, што тут пахаваны менавіта салдаты царскай арміі. Праз некалькі тыдняў былі знойдзены астанкі яшчэ 48 салдат рускай арміі. Прозвішчы 50 з 51 устаноўлены. Адбылося перапахаванне воінаў. Праз некаторы час на магіле ўстанавілі помнік, на якім надпіс: “Тут пахаваны прах воінаў рускай арміі, загінуўшых у баях падчас Першай сусветнай вайны 1914-1918 г.г.”. Праз год недалёка ад Навасёлак знайшлі астанкі яшчэ 37 салдат Першай сусветнай вайны, якія таксама пахаваны ў брацкай магіле.

У мінулую сераду на могілках вёскі Пранчакі адбылося чарговае падпахаванне – на гэты раз астанкаў 5 воінаў рускай арміі, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны. Іх пры раскопках летам каля вёскі Улазавічы знайшлі пошукавікі 52-га асобнага батальёна. Месца дакладна паказала жыхарка Улазавічаў Галіна Драчан, якая хоць і нарадзілася ў 1942 годзе, але пра месца пахавання ведала ад сваіх родных – яны былі сведкамі тых падзей.

Мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці, школьнікаў, ваеннаслужачых, мясцовых жыхароў адкрыў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк. Ён адзначыў, што выхаванне патрыятызму немагчыма без павагі і пашаны да подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся за незалежнасць роднага краю. Ваенны камісар раёна Аляксей Навіцкі гаварыў пра падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі і пра работу 52-га батальёна. Настаяцель мясцовай царквы Іаана Прадцечы айцец Сергій адслужыў малебен па загінуўшых і асвяціў месца пахавання. Астанкі салдат з пашанай перапахаваны ў брацкую магілу.

Па воінскай традыцыі ў апошні шлях загінуўшых правялі пад аружэйныя залпы. На магілу ўсклалі кветкі.

Пакуль мы помнім – мы жывём. Памяць – сінонім вечнасці. І гэта правільна, што з года ў год працягваецца пошукавая работа. Яна дазваляе зазірнуць у гісторыю, аднавіць імёны герояў і аддаць даніну павагі іх памяці.

Ніхто не забыты, нішто не забыта.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *