Дубрава, якая звязала пакаленні

Маладыя дубкі растуць на вачах Генрыха Траццяка.

Асобную старонку ў гісторыі раёна займае Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль. І хаця сядзіба за дзесяцігоддзі разгубіла свой калісьці маляўнічы выгляд, беззваротна страціла многія элементы, а мясцовы парк, у якім было нямала рэдкіх відаў дрэваў і кустоўя, адзічаў, у Флер’янове і сёння ёсць на што паглядзець. Тутэйшы парк вабіць у любы час года: восенню не адарваць вачэй ад яго, апранутага ў золата і чырвань; узімку, нібы магнітам, цягнуць сюды строгая цішыня і крыштальна чыстае паветра; вясновыя промні абуджаюць да жыцця кожны метр тутэйшай зямлі, што надае надзею і сілы; а летам галава ідзе кругам ад водару траў і птушыных спеваў. Зусім не дзіўна, што пансіянат, адкрыты ў Флер’янове колішнімі гаспадарамі сядзібы Бохвіцамі на пачатку мінулага стагоддзя, карыстаўся папулярнасцю ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі. Тут два летнія сезоны гасцявала і была завадатаркай цудоўных традыцый таленавітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Два гады запар яна з задавальненнем пакідала на лета Гродна і адпраўлялася за сотні кіламетраў у Фларыянава (так гучала тады назва сядзібы). Мясцовая прырода, душэўнасць і шчырасць гаспадароў пансіяната, творчая атмасфера, што панавала тут, натхнілі госцю на напісанне надзвычай лірычных радкоў. “У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза Ажэшка з Флер’янова. – … Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных”.

Эліза Ажэшка

Перапіска пані Элізы і Тадэвуша Бохвіца, які стаў добрым сябрам пісьменніцы, выдадзеная пазней асобным томам, склала тры сотні старонак мастацкай прозы. У 1909 годзе ў Флер’янове недалёка ад жылога дома вядомыя госці ўласнаручна садзілі маладыя дубкі – у памяць пра тое, што тут пражывалі польскія літаратары. На жаль, паглядзець, як прыжыўся дубок, пасаджаны ёю, Эліза Ажэшка ўжо не змагла – хвароба не дазволіла дажыць да наступнага лета. А дрэва такі прыжылося: расло, цягнулася галінамі да неба і стала сведкам шматлікіх падзей, што адбываліся ў Флер’янове на працягу апошняга стагоддзя. Некалькі гадоў назад ажэшкінскі дуб адзначыў векавы юбілей. І гэта стала пачаткам новай гісторыі… Генрыха Траццяка фізічная праца не палохала ніколі: да яе чацвёрты сярод шасцярых дзяцей у вялікай дружнай сям’і прывучаны з дзяцінства. Як і да кніг, якіх у бацькоўскім доме было надзвычай многа. Яго працоўная біяграфія пачалася ў 14 гадоў у мясцовым калгасе “Прагрэс”, а мару пра вышэйшую адукацыю з-за розных жыццёвых абставін Генрыху давялося адкласці яшчэ на 12 гадоў. Затое ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію 26-гадовы юнак паступіў з першага разу! За гады вучобы ў сельгасакадэміі не атрымаў ніводнай чацвёркі – быў круглым выдатнікам і ленінскім стыпендыятам. Перад такімі шырока адчынены дзверы ў свет навукі. А ён, пакаштаваўшы гэтага хлеба (год адпрацаваў навуковым супрацоўнікам на кафедры агранаміі, завочна паступіў у аспірантуру), вырашыў, што навука, адарваная ад зямлі і вытворчасці, не многага варта. Вярнуўся дадому, на Ляхавіччыну, і прыйшоў да кіраўніцтва раёна прасіцца на працу ў калгас. Прапанавалі пасаду галоўнага агранома ў калгасе імя Ламаносава. Гаспадарка ўраджаямі не славілася: у 1968 (за год да прыходу сюды Генрыха Траццяка) збіралі крыху больш за 9 цэнтнераў зерневых з гектара. Праз год работы маладога агранома ўраджайнасць падвоілася. Калгаснікі паверылі ў свае сілы і ў Траццяка, абралі яго старшынёй гаспадаркі. На гэтай адказнай і неспакойнай пасадзе сумленна адпрацаваў 27 гадоў. Кіраўніком быў патрабавальным, дальнабачным і прагрэсіўным. Апрабоўваў новыя тэхналогіі на вопытным полі і ўкараняў у сельгасвытворчасць. З цяжкасцю, але знаходзіў час для падрыхтоўкі кандыдацкай дысертацыі па тэме “Эфектыўнасць прымянення мінеральных удабрэнняў пад розныя сарты ячменю”, якую паспяхова абараніў і стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук.

Так сёння выглядае флер’яноўскі палац

У 1987 годзе ў калгасе імя Ламаносава сабралі рэкордны ўраджай зерневых – больш як 61 цэнтнер з гектара. Зразумела, не толькі хлебам жыла гаспадарка: закладвалася добрая кармавая база, няблага ішлі справы ў жывёлагадоўлі, пабудавалі жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў. Ды і вёска Ураджайная – цэнтральная сядзіба калгаса – адбудоўвалася, прыгажэла, стала сучасным населеным пунктам з усёй сацыяльнай інфраструктурай. Правялі газаправод, заасфальтавалі дарогі. Усё рабілася за сродкі гаспадаркі. Гэта быў сапраўды зорны час калгаса. А вялікую працу яго старшыні Генрыха Траццяка адзначылі залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы. І на заслужаным адпачынку Генрых Міхайлавіч не змог сядзець без справы. Маючы гектар зямлі і трактар, вырошчваў зерне і бульбу ўжо на ўласным участку. У апошнія гады захапіўся вопытнай работай: апрабоўвае розныя – самыя, здавалася б, неверагодныя з пазіцыі традыцыйнай агранаміі спосабы атрымання больш шчодрага ўраджаю ячменю. А яшчэ вельмі сур’ёзна ставіцца да грамадскіх абавязкаў – узначальвае раённую ветэранскую арганізацыю. І ў свае 76 Генрых Траццяк па працавітасці, працаздольнасці і актыўнасці жыццёвай пазіцыі дасць фору многім маладым. Нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца навокал, ён з энтузіязмам адклікаецца на цікавыя прапановы. А ініцыятыва раёнкі па стварэнні ў Флер’янове ажэшкінскага парку і наогул закранула за жывое, аказалася надзвычай сугучнай з тым, пра што марыў даўно,– вярнуць флер’яноўскай сядзібе былую прыгажосць.

Дуб, пасаджаны Ажэшкай- гісторыка- культурная каштоўнасць

У верасні 2010 года рэдактар “ЛВ” Вольга Барадзіна ў сваіх “Маналогах…” падзялілася ідэяй, як захаваць для нашчадкаў памяць пра шаноўную флер’яноўскую госцю Элізу Ажэшка: “Дрэвы звычайна перажываюць людзей, якія іх пасадзілі. Вось і ажэшкінскі дуб распасцёр крону высока-высока: сто гадоў для яго – не ўзрост. Але ўсё ж сотня. І можа напаткаць ураган ці маланка, ці проста хвароба – дрэвы ж таксама хварэюць і старэюць, яны таксама, у рэшце рэшт, паміраюць. А чаму б не зрабіць так, каб ажэшкінскае дрэва жыло доўга-доўга, каб яно стала амаль неўміручым? Гэта зусім не складана, і гэта па сілах чалавеку. Нам з вамі, дарагія чытачы, юнакам і дзяўчатам з бээрэсэмаўскімі білетамі, школьнікам, каляджанам, эколагам, леснікам – усім, хто зацікавіцца ідэяй і яе ажыццяўленнем. Трэба ўсяго толькі жаданне, цеплыня сэрца і рук, прага захаваць памяць надалей-надалей, усведамленне асабістага дачынення і саўдзелу да бесперапыннага маршруту ў часе ў накірунку “было-ёсць-будзе”. Зусім не складана сабраць жалуды, пасадзіць іх у гадавальнік, вырасціць дрэўцы, якія ў свой час высадзіць алеяй ці скверам. Уяўляеце, дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка, шматразова паўторыцца, шматразова напомніць, шматразова нашэпча штосьці з паданняў, штосьці з былін…” На прапанову газеты адгукнуліся нераўнадушныя землякі: навучэнцы мясцовага аграрнага каледжа, актывісты БРСМ, лясгасаўцы, прыродаахоўная служба, тутэйшая гаспадарка СВК “Шлях новы”, раённая ўлада. Самы актыўны ўдзел у ажыццяўленні задумкі прыняў Генрых Траццяк, якога падтрымаў яго сябар Валянцін Багатыроў. Датай нараджэння парку “з радаслоўнай” лічыцца 21 красавіка 2011 года, калі 100 дубкоў “прапісаліся” недалёка ад свайго векавога сародзіча. Зразумела, адзінкавай пасадачнай “акцыяй” такая сур’ёзная справа не абмежавалася. Пра гэтую і іншыя падзеі і клопаты, звязаныя з нованароджанай дубровай, “ЛВ” неаднойчы расказваў сваім чытачам. Быў складзены пералік работ, неабходных для адраджэння флер’яноўскай сядзібы і парку, стварэння тут музея. Кіраўніцтва праектам узяў на сябе Генрых Міхайлавіч. Для яго, без перабольшвання, гэта стала справай жыцця. Нават цяжка сказаць, пра што ён расказвае з большым захапленнем і задавальненнем: пра сваю сям’ю – а ў яго з жонкай Ларысай Паўлаўнай тры сыны (усе, дарэчы, закончылі сельгасакадэмію, дзе вучыўся бацька) і чацвёра ўнукаў – ці пра парк. Стары будынак, які апошнія гады не эксплуатаваўся і патрабуе грунтоўнага рамонту, Генрых Траццяк выкупіў (будынак не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю). 66 сотак зямлі ўзяў у доўгатэрміновую арэнду. Вывез смецце, зашкліў вокны, падрамантаваў дах, паставіў агароджу, падтрымлівае ў парадку тэрыторыю, назірае і за будучымі дубовымі алеямі. На доме – шыльда, якая сведчыць: тут размяшчаецца клуб навукова-тэхнічнай творчасці ветэранаў. Пад гэтым дахам Генрых Траццяк аб’яднаў актывістаў ветэранскай арганізацыі. На пытанне, дзе на ўсё бярэ сілы, Генрых Міхайлавіч сімвалічна дакранаецца да старога дуба і спасылаецца на асаблівую флер’яноўскую энергетыку: – Тут і дыхаецца лягчэй, і жыць хочацца на поўную моц. – З гумарам дадае: І кульгаць няма калі, а раней жа кульгаў! Так што усіх, у каго ёсць час скардзіцца на здароўе, запрашаю на працоўную рэабілітацыю. – І ўжо сур’ёзна: – Гэта ж здорава, што робяцца захады па вяртанні нашым землякам, асабліва маладым, гістарычнай памяці. Дзеля такога ёсць сэнс старацца, нешта рабіць. Тым больш, калі гэта знаходзіць водгук і разуменне. Дуб, пасаджаны Ажэшка, стаў больш чым проста дрэвам-доўгажыхаром. Менавіта яму наканавана было звязаць многія пакаленні нашых землякоў – тых, хто жыў стагоддзе назад, нас, сённяшніх, і, хочацца спадзявацца, тых, хто народзіцца праз стагоддзе і прыгадае добрым словам пані Элізу, Бохвіцаў і сваіх продкаў, якія пакінулі ў спадчыну дуброву з “радаслоўнай”.

Падрыхтавала Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва “ЛВ”.

One thought on “Дубрава, якая звязала пакаленні

  • 11/11/2013 в 11:59
    Permalink

    Когда читаешь о таких людях, понимаешь, что есть ещё среди нас действительно неравнодушные, талантливые и энергичные земляки, которым по плечу любые сложности. Пусть зеленеет дубрава и как можно больше молодёжи приезжает не только на экскурсии, но и с желанием помочь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *