«Раман» з «Ляхавіцкім»
Аляксандр Лапцеў, ветэран торфапрадпрыемства.
За 4 дзясяткі гадоў з моманту пуску торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” стаў не толькі адным з галоўных прамысловых – з улікам спецыфікі яго работы, можна сказаць, здабыткаў Ляхавіччыны, але і на імідж, пазнавальнасць нашага раёна “спрацаваў” вельмі нядрэнна.
Логіка тут простая, як тарфяная “цагліна”, вырабам якіх адкрытае акцыянернае таварыства і займаецца: пазнавальнасць праз геаграфію паставак. Што ці не ўвесь раён “сядзіць” на тухавіцкай “грэлцы” – факт вядомы і зразумелы. Але зараз не пра гэта: пра тое, што прыкладна 2 дзясяткі, а то і больш рэгіёнаў Брэстчыны і іншых абласцей Беларусі істотна “завязаны” на спажыванне прадукцыі тухавіцкай маркі. З чым у апошніх – хочаш-не хочаш – асацыюецца наш рэгіён у цэлым. Побач з эканамічным тут відавочны і ўнутраны іміджавы плюс. Усё тое ж, але з удакладненнем знешні – у рабоце ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” на экспарт. Прыбалтыка, Польшча, Швецыя, Фінляндыя значыліся ці значацца ў спісе спажыўцоў энергіі тухавіцкіх балот. Не ісціна, канешне, але вельмі рэальнай здаецца сітуацыя, калі нехта з жыхароў, напрыклад, той жа Суомі спачатку адкрыў для сябе ляхавіцкі паліўны брыкет, а праз яго ўжо даведаўся і пра існаванне нашага горада, раёна, магчыма, вобласці.
Штогадовая “выбарка” ТБЗ “Ляхавіцкі” перавышае 200 тысяч тон фрэзернага торфу пад “выхад” 100 тысяч тон паліўных брыкетаў, “плюс-мінус”. “У залежнасці ад паказчыка зыходнай вільготнасці, аднак, расклад прыкладна такі: на тону брыкетаў звычайна расходуецца 1,7-1,8, а часам і да 2 тон сыравіны”, – увёў у курс тарфяной справы Аляксандр Лапцеў.
Мінуў некаторы час, як Аляксандр Фёдаравіч пайшоў на адпачынак. Як прынята гаварыць, заслужаны – пасля амаль 4 дзясяткаў гадоў работы. Працаваў майстрам змены, старшым майстрам брыкетнага цэха, быў начальнікам апошняга. Адным словам, лёс прадпрыемства – яго лёс. Трапіў у Тухавічы па размеркаванні. Як і многія ў падобнай сітуацыі, з думкай адпрацаваць абавязковы тэрмін і пашукаць нешта іншае. Напрыклад, уладкавацца на працу ў Быхаве ці хоць бы непадалёку ад роднага горада. Спецыяльнасць па дыпломе такую перспектыву не проста абяцала – цалкам гарантавала. Выйшла іначай: прыехаў, убачыў не тое, што чакаў, аднак, застаўся.
– З 1972 года я ў Тухавічах. Як, думаю, і зараз, у нас на размеркаванні таксама прысутнічалі “купцы” – прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, што жадалі бачыць у сябе маладых спецыялістаў. Сярод іх і першы дырэктар торфапрадпрыемства Іван Варановіч. Хораша распавядаў: маўляў, Тухавічы і Баранавічы раздзяляюць нейкія 6 кіламетраў. Пасёлак расце ў накірунку горада, горад – яму насустрач. Так што ў хуткім часе стануць адным цэлым. Завод паспяхова працуе, мае патрэбу ў спецыялістах. Я “купіўся” і паехаў. Першыя сумненні ўзніклі ў Баранавічах, калі з працягнутага на білет рубля ў аўтобуснай касе далі толькі 5 капеек рэшты. Чаму так дорага за 6 кіламетраў шляху, можа касір не зусім зразумела, не ў тым накірунку білет выпісала? – міжволі і ні да каго канкрэтна вырвалася. “Туды, туды”, – “абрадаваў” мужчына, які стаяў наступным у чарзе.
Тухавічы больш як 40-гадовай даўнасці і іх сучасны варыянт – дзве вялікія розніцы. Сёння, упершыню сюды трапіўшы, убачыш населены пункт міні-гарадскога тыпу. Кампактны, дагледжаны, са стандартным наборам аб’ектаў сацыяльнага, культурнага, бытавога прызначэння. Аднак са сваімі, уласцівымі толькі жылым пасёлкам торфараспрацоўшчыкаў адметнасцямі, з рытмам жыцця, так ці інакш “завязаным” на сезон здабычы торфу. Кароткі – май і 3 летнія месяцы па нарматыве, не заўсёды спрыяльны з пункту гледжання надвор’я – іменна ад яго вынікаў у найбольшай ступені залежыць гадавая эканоміка прадпрыемства ў цэлым. Чытай – усіх яго жыхароў, паколькі кожны з іх, нават і не з’яўляючыся работнікам завода, з’яўляецца яго, у добрым сэнсе, заложнікам. Гэта ніякі не негатыў, а вядомы факт – дабрабыт монапасёлкаў трымаецца на дабрабыце “раскватараванай” тут вытворчасці.
А пачыналася ўсё так.
Прамой, як зараз, дарогі з Баранавіч не было. Была другая, але ў прамым сэнсе дарогай можна было назваць толькі участак да Рагачоў. Далей – або зімой, калі падмерзне, або ўлетку, калі добра падсушыць. То быў сакавік, і шлях ад Рагачоў да Тухавіч давялося пераадольваць пешшу і … басанож. Туфлі зняў і пайшоў. Выпадкова ці не, толькі перад пунктам прызначэння сустрэў дырэктара на службовай “Волзе”. Побач – гусенічны Т-74 з валакушаю. Што яна з сябе? Звычайны металічны ліст, прычэплены да трактара, выкарыстоўваўся, у тым ліку, і для перавозкі – перацягвання, бы на санках, – па бездарожжы дырэктарскага аўто. Быў якраз той выпадак – паглядзеў. “Куды вы мяне прывезлі?” – звяртаюся да Івана Уладзіміравіча. “Скажы праўду – хто пагодзіцца да нас размеркавацца,” – пачуў у адказ.
У самім пасёлку было 2 або 3 дамы і нічога больш. У адным з іх, у трохпакаёвай кватэры нас і пасялілі па некалькі чалавек у пакоі. Завод будаваўся, работы вяліся на трэцім паверсе. З асноўнага абсталявання стаялі сушылкі, прэсы… Ну і першая пасада мела хутчэй будаўнічую спецыялізацыю – майстар па тэхнаглядзе за будаўніцтвам брыкетнага цэха. А прыкладна праз год – у 1973-ім – пайшла прадукцыя.
Піянерам любой справы даводзіцца няпроста. Нялёгкімі былі і першыя тоны тухавіцкага брыкету. Нягледзячы на тое, што работнікі асноўных прафесій праходзілі стажыроўкі на працуючых ужо аднатыпных прадпрыемствах краіны, на старанне, атрымоўвалася не ўсё, не ва ўсіх і не адразу.
Тэорыя і стажыроўкі добра, але мала. Карысці можа не быць, пакуль не паспрабуеш усё сваімі рукамі. І лепш, калі неаднойчы. Абсталяванне складанае, практычныя вынікі работы некаторага часам адрозніваліся ад тэарэтычных выкладак.
Адным з вузкіх, ці не ў прамым сэнсе, месцаў аказалася праектная версія ахаладжальных латкоў, па якіх брыкет ад прэсаў рухаецца да бункераў-назапашвальнікаў. Уласна, латкамі яны не з’яўляліся – былі выкананы ў выглядзе закрытага, блізкага па форме да брыкету профілю. Так бы мовіць, заторы не з’яўляліся рэдкасцю. Форму латкоў яны набылі па ініцыятыве Уладзіміра Літвінава – на той час галоўнага інжынера прадпрыемства, а пазней і дырэктара.
Стала лягчэй. Такая канструкцыя аказалася куды больш тэхналагічнай і практычна апраўданай. Уладзімір Рыгоравіч, апроч таго, быў вельмі камунікабельным чалавекам, у розных абставінах умеў знайсці падыход, пагутарыць з чалавекам, дапамагчы. Заахвочваў заняткі спортам, самадзейнасць не толькі арганізоўваў, але і прымаў у ёй асабісты ўдзел. Ганаровыя граматы, чырвоныя сцягі і іншыя савецкія атрыбуты ўвагі завод пад яго кіраўніцтвам заваёўваў неаднойчы. Адзначаліся і на саюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. Дырэктара забралі ў міністэрства.
З’яўляючыся зараз другім па магутнасці ў краіне, ТБЗ “Ляхавіцкі” выйшаў на гэтую пазіцыю пазней, калі ў выніку рэканструкцыі з’явіліся 2 дадатковыя брыкетныя прэсы, тарфяная сушылка, кацельні дабавілі магутнасці. Рос – у маштабах, функцыянальна, эстэтычна – і пасёлак. Не адразу, але Тухавічы сталі такімі, якімі сталі. Якімі мы іх ведаем.
На змену Літвінаву прыйшоў Васілій Кузьміч Іваноў, светлая яму памяць… Граматны спецыяліст, кіраўнік мудры, вельмі інтэлігентны чалавек. Дарэчы, мой зямляк – з Быхаўшчыны. Лічу, што асабліва складана Кузьмічу прыйшлося, калі не стала Саюза. Чытай – не было адкуль браць неабходныя тарфянікам машыны, механізмы і агрэгаты. Свайго, беларускай вытворчасці абсталявання амаль не было. У асноўным – Расія, Украіна. Паступова пачалі і нашы асвойваць то адно, то іншае. А спачатку патрэбна было ой як “круціцца”, быць і дыпламатам, і стратэгам, валодаць уменнем зазірнуць наперад.
Запісаў Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Истинные «брикетчики» — это особые люди. Я благодарна судьбе, что свела меня со многими из них.