Іван Вітко з СВК «Ляхавіцкі» працягвае сямейную дынастыю

Іван Вітко

Ён даказаў справай, на што здатны. Неаднойчы (сёлета ў тым ліку) прызнаваўся лепшым аграномам вобласці, двойчы – краіны. Ён даказаў, што з’яўляецца чалавекам справы і знаўцам сучасных сельскагаспадарчых тэхналогій, якія з задавальненнем і паспяхова выкарыстоўвае на практыцы. Выдатныя вынікі земляробаў СВК “Ляхавіцкі” ў значнай ступені залежаць ад яго – да нядаўняга часу галоўнага агранома гаспадаркі, а сёння намесніка старшыні па вытворчасці Івана Вітко.

Мусіць, ён проста не мог вырасці іншым у сям’і людзей, якія і па прафесіі, і па душэўнай схільнасці заўсёды зямлю шанавалі, даглядалі, апрацоўвалі. Скажаце, бацькоўскае выхаванне? Мяркую, так. Але ж і маміна школа – не без гэтага: Раіса Іванаўна – выдатны заатэхнік-селекцыянер, не менш вядомы прафесіянал, чым яе знакаміты муж Аляксандр Іванавіч.

Іван дынастыю працягвае. Мусіць, яму было больш складана пачынаць, чым камусьці з маладых калег. Ніякай палёгкі, ніякіх паблажак – наадварот, патрабавальнасць максімальная. Рана ўстаць – і на поле, позна легчы, каб заўтра зноў зранку пачаць свой аграномскі марафон. Дарэчы, галоўным аграномам ён стаў у 22-гадовым узросце, няпоўны год да гэтага прарабіўшы на пасадзе агранома. Не расчараваўся старшыня ў сваім спецыялісце, не памыліўся бацька ў сыне. Іван не баіцца браць на сябе адказнасць у прыняцці рашэнняў. Ён вельмі на “ўра” прымае і апрабоўвае новыя тэхналогіі. Распрацоўка і ўкараненне навукова абгрунтаваных сістэм севазваротаў, апрацоўкі глебы, аховы пасеваў ад шкоднікаў, хвароб, пустазелля – для яго гэта любімая работа. У “Ляхавіцкім” урадлівыя сарты зерневых, бульбы, у “Ляхавіцкім” шчодрыя пашы, у “Ляхавіцкім” выдатныя земляробы, з якімі плённа, цікава працаваць спецыялісту – па ўзросце даволі маладому, па стажы і вопыце – класнаму.

— Палі ў парадку. Бульба таксама ўпарадкавана. Працуем, як заўсёды, – мусіць, усім Вітко характэрна нешматслоўнасць. Іван Аляксандравіч не выключэнне. Затое як выразна гавораць пра чалавека ягоныя справы. І пастаянства. Дыплом вучонага агранома Іван Вітко атрымаў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках у сакавіку 1996 года. З красавіка пачалася яго працоўная біяграфія на сваёй маленькай радзіме. З таго часу мінула 17 красавікоў…

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *