Справаздачна-выбарны сход прайшоў у СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік»

19 студзеня для СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» стаў днём лёсавызначальным. Ішла сур’ёзная размова пра тое, якім чынам будзе развівацца гаспадарка сёння, заўтра і ў бліжэйшай будучыні.  Рашэнне па гэтых пытаннях павінен быў прыняць сход, на якім прысутнічалі, акрамя кіраўніцтва сельгаскааператыва, галоўных спецыялістаў, сённяшніх працаўнікоў, ветэранаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый   Бурдук і яго намеснік Мікалай Варажун.

Агучыўшы парадак дня, старшыня гаспадаркі Васілій Чубаў выступіў са справаздачай аб выніках работы за 2012 год і акрэсліў  задачы на год бягучы.

Кааператыў — адзін з моцных сераднякоў.  Так, у мінулым годзе пры сярэдняй ураджайнасці 50 цэнтнераў              з гектара тутэйшыя раслінаводы сабралі 5147 тон зерня ў бункернай вазе, што на 1697 тон больш, чым на жніве-2011.  Са станоўчага боку адзначана і работа па корманарыхтоўках — на ўмоўную галаву нарыхтавана 42 цэнтнеры кармавых адзінак. З увагай у мінулым годзе аднесліся і да вырошчвання важнай і значнай культуры — кукурузы, пад яе было адведзена 500 гектараў плошчаў, выканалі ўсе належныя агратэхнічныя патрабаванні, і вынік не прымусіў сябе чакаць: атрымалі па   386 цэнтнераў на круг.

Вытворчасць малака — адзін з моцных бакоў СВК.  У 2012 годзе ў сярэднім на кожную карову надоена па 5352 кілаграмы малака. Лепшы паказчык па МТФ «Галавачы» — па 5546 кілаграмаў ад кожнай каровы. Лідары сярод аператараў машыннага даення Марыя Турко  і Тамара Пятруцый, якія надаілі ад кожнай буронкі адпаведна  па 6621 і 5897 кілаграмаў малака. Былі агучаны і іншыя  станоўчыя вынікі работы ва ўсіх падраздзяленнях.

Спыніўся дакладчык на рабоце  цэха механізацыі, рэканструкцыі МТФ «Зубелевічы», будаўніцтве новага зернесушыльнага комплексу. Узняў старшыня  кадравае пытанне, гаварыў пра заработную  плату і іншае.

Пра  плюсы і мінусы ў рабоце сваіх падраздзяленняў узгадвалі галоўны заатэхнік Віктар Грыцкевіч,  галоўны інжынер Вячаслаў Берташ, галоўны аграном Іван Туцін.

Пра тое, якім быў мінулы год для  працаўнікоў АПК Ляхавіччыны, і як на агульным фоне выглядае СВК «Кастрычнік» расказаў начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, разважаючы пра вытворчыя паказчыкі, падкрэсліў, што справы ў     «Кастрычніку» далёка не горшыя, але адзначыў, што крытычныя заўвагі робяцца не дзеля лічбаў, а каб знайсці найбольш аптымальныя шляхі да вырашэння праблем, працаваць так, каб вынік быў больш паспяховым.  Для гэтага неабходна, у першую чаргу,  узмацніць вытворчую і кадравую дысцыпліну, адказнасць кожнага на сваім участку.

— Само жыццё дыктуе, што ў кожнай сферы, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, неабходна  працаваць па новых тэхналогіях, не забываць пра мадэрнізацыю і належнае кадравае забеспячэнне, — сказаў кіраўнік раёна.

Прысутныя ўважліва слухалі кожнага з выступаючых, з многімі меркаваннямі згаджаліся, з некаторымі — не зусім. Аднак, без перабольшвання, усе, хто прысутнічаў гэтым суботнім днём у зале Конькаўскага СДК, чакалі, як вырашыцца адно з галоўных пытанняў, якое ў многім вызначыць заўтрашні дзень для мясцовых сельгасвытворцаў. Размова ішла пра магчымасць аб’яднання СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік»  і  СВК «Шлях новы».

Дзмітрый Бурдук падкрэсліў, што многія праблемы сённяшняга «Кастрычніка»      з-за недахопу ўласных грашовых сродкаў, а аб’яд     наўшыся, можна разлічваць  на большыя фінансавыя паступленні, што дасць магчымасць  рэканструяваць старыя і будаваць новыя фермы,  набываць новую тэхніку, умацоўваць кадравы патэнцыял.

— Гэта будзе аб’яднанне на роўных. І буйное сельгаспрадпрыемства здольна развівацца, а не стаяць на адным месцы, — адзначыў  старшыня райвыканкама.

Пра гэта гаварыў і Васілій Чубаў:

— Далучэнне адной гаспадаркі да другой — узаемавыгаднае аб’яднанне.  І калі не рашыцца  на гэты важны і адказны крок цяпер, то потым можа быць і позна…

Напал эмоцый у зале ўзрастаў. І, затаіўшы дыханне, пакуль яшчэ «кастрычнікаўцы», слухалі старшыню СВК «Шлях новы» Аляксандра Вашчука, які расказаў пра  дасягненні сваёй гаспадаркі (адной з лепшых  ў раёне і не толькі), пра сярэднюю заработную плату ў розных падраздзяленнях — значна вышэйшую за тую, якая сёння ёсць у  «Кастрычніку», пра сацыяльныя гарантыі (дарэчы,  пасля магчымага аб’яднання  яны будуць распаўсюджвацца і на сённяшніх працаўнікоў і пенсіянераў «Кастрычніка»).

— Аб’яднаўшыся, разам будзем рухацца наперад.  Без усялякага падзелу на  сваіх і чужых. Будзем працаваць на агульны вынік — паляпшэнне жыцця і дабрабыту ўсіх працаўнікоў, рост заработнай платы і г.д., — запэўніў Аляксандр Вашчук.

І вось адказны момант — галасаванне. Усе без выключэння  ўдзельнікі сходу прагаласавалі за аб’яднанне.

Цяпер аналагічны сход чакаецца ў «Шляху новым», а потым пройдзе агульны — ўпаўнаважаных з абодвух сельгаспрадпрыемстваў, дзе будзе зацверджана  назва  аб’яднанай гаспадаркі і выбраны старшыня.

Нямала на справаздачным сходзе было  прыемных момантаў. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук уручыў  Васілію Чубаву, які 35 гадоў адпрацаваў у гаспадарцы, з іх 19 — у якасці старшыні. Грашовыя прэміі атрымалі  працаўнікі-юбіляры. Былі таксама названы пераможцы конкурсу «Лепшы па прафесіі» па выніках мінулага года.

Сход завяршыўся на пазітыўнай ноце.  І пераважная большасць вяскоўцаў разыходзілася па дамах, цвёрда ўсведамляючы,  што  ўсё будзе добра. Працаваць яны жадаюць і ўмеюць самааддана, а гэта — адна з галоўных умоў поспеху.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *